Завіруха сьпявала засьнежанаму гораду вясёлыя калядкі, а стомлены горад драмаў, прымружыўшы рознакаляровыя вочкі – ліхтарыкі, і сьніліся яму дзівосныя сны…
Шчыльная сьнежная завеса крыху прыадчынілася, і з-за яе паказаўся доўгачаканы чырвона-жоўты трамвайчык. Я спадзявалася, што ён давязе мяне дадому і ўжо зайшла ў салён, але кіроўца акінуў мяне суровым позіркам і строга прамовіў: “Сьнегавікам знаходзіцца ў трамваі нельга! Прашу Вас неадкладна пакінуць вагон, узяць у рукі мятлу, адзець на галаву вядро ды й стаяць сабе ціхенька на тым месцы, дзе Вас паставілі, пакуль ня прыйдзе вясна…” Я нават паказала яму білет, але кіроўца аказаўся непахісным… “О, Нябёсы…”, - прамовіла я, узьняўшы вочы ўгару і… убачыла там вось гэты “цуд”, які завіс прама над цэнтрам соннага гораду. А людзі навокал сьпяшаліся дадому і ніякага цуду, за выключэньнем сьнегавіка з фотаапаратам, які пяліўся ў халоднае шэрае неба, упарта не заўважалі. А “цуд” быў падобны на чароўны касьмічны карабель. Ён пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі, а ягоная верхавіна нагадвала вежу гатычнага храма, і яе ўпрыгожвалі шматлікія залатыя каталіцкія крыжы…
Вартаўнік у бліжэйшым адміністратыўным будынку ажно прыліп да аконнага шкла, пытаючыся зразумець, што я там так доўга фатаграфую. Неўзабаве падцягнуліся і тры цікаўныя міліцыянты.. “Цуд” быў зусім побач… Але яго ніхто не заўважаў… :)
Комментариев нет:
Отправить комментарий