Чытаю зараз кнігу “Думкі блаславёнай Маці Тэрэзы з Калькуты. Найбольшая запаведзь” разьдзел “Любоў, выказаная ўчынкам”.
“Зьместам любові зьяўляюцца не словы, нельга таксама любоў выказаць словамі, асабліва тую любоў, якая служыць Богу, якая ад Яго паходзіць, якая Яго знаходзіць і да Яго дакранаецца. Мы павінны дасягаць сэрца. Каб дасягнуць сэрца, - бо так трэба, - належыць даказаць любоў учынкамі…
У некаторых краінах, - у тым ліку і ў Англіі, нашы супрацоўнікі зьбіраюць невялікія “групкі слухачоў”. Яны ходзяць звычайна ў дамы састарэлых, да людзей, якія жывуць там, сядаюць каля іх і дазваляюць ім гаварыць. Старыя людзі прагнуць мець некага, хто б слухаў іх, нават калі яны апавядаюць гісторыі трыццацігадовай даўнасьці. Слухаць тады, калі ніхто іншы ня хоча слухаць – гэта вельмі прыгожая справа.”
***
Два нашых брата вырашылі перад новым годам завітаць з добраю весткаю да жыхароў аднаго зь менскіх дамоў. У першай жа кватэры дзьверы ім адчыніла сумная жанчына сталага веку. Але яна адразу ж ажывілася і ўзрадавалася, як толькі пачула, што маладыя людзі хочуць пагаварыць зь ёй пра Бога. Толькі вось гаварыць у гэты вечар братам амаль што і не давялося. Жанчына запрасіла хлопцаў у хату, усадзіла іх за стол, пачаставала гарбатаю і цукеркамі, а потым пачала распавядаць пра сваё жыцьцё. Браты слухалі яе да паўночы, а яна, напэўна, была гатовая размаўляць зь імі ажно да раніцы, бо ў сьвеце больш не было людзей, якія б жадалі яе выслухаць. Аказалася, што і муж, і сын у гэтай жанчыны – алькаголікі, таму ім не да яе. Нявестка разам з унукам зьехала ад такога жыцьця ў іншую краіну, а хворая жанчына, якой самастойна нават на вуліцу цяжка выйсьці, засталася адна – сам на сам са сваімі праблемамі…
***
Ці цяжка выслухаць іншага чалавека? На працягу 2-х гадзінаў, раз на тыдзень, напрыклад? Напэўна, не… Ці магчыма стварыць групы слухачоў у нашым горадзе?..
Комментариев нет:
Отправить комментарий