Пад штандар бел-чырвона-белы
запрашае Ісус беларусаў... Памажы
мне, Божа, быць сьмелай, быць
свабоднай ад страхаў, спакусаў...
суббота, 23 января 2010 г.
Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка ІІ
Працяг гісторыі.
Па гэтых словах Маці Божая загадала Песьляку верна выконваць Яе даручэньні. Калі Мікалай зразумеў сваё пасланьніцтва і прысягнуў Паненцы паслухмянасьцю, выздаравеў. Скончыліся ў яго ўсялякія недамаганьні і адчуў сябе як нованароджаны і гатовы да выкананьня просьбы. Пастанавіў разам з жыхарамі свайго дома наведаць месца, вызначанае Маці Божай, і, задаволены, знайшоў яго ў такім самым стане, якім яму было прадстаўлена: дзьве елачкі, а пад адной зь іх – хлеб. Нават заўважыў сьляды асобы дарослай і малога дзіцятка. Гэта яшчэ больш пераканала Песьляка. Зразумеў, што гэта быў не сон. Паверыў. Абудзілася ў ім нанова дзіцячая вера. Зразумеў указаньне, дадзенае яму Найсьвяцейшай Паненкай. Пастанавіў як мага хутчэй выканаць сваё зямное пакліканьне, і неадкладна прыступіў да выкананьня нябеснага ўказаньня. Мікалай Песьляк даручыў тром рамесьнікам найпрыгажэй выканаць крыж. Калі знак веры стаў на ўказаным месцы, сам зьмясьціў на ім цудоўны абраз, на якім не было ніякіх сьлядоў зьнішчэньня. Адбывалася гэта ў 1691г. Маці Божая зь першай хвіліны пачала дапамагаць людзям. Вяртала зрок невідушчым і давала сваім верным мора ласкаў, акружаючы іх з гэтага моманту няспыннай апекай. Вестка аб добрай Паненцы зь цёмнага бору распаўсюджвалася хутка. Верныя з прылягаючых вёсак, гарадоў і мястэчак пачалі прыходзіць да Яе. Песьляк, бачачы, што прадказаньне Найсьвяцейшай Марыі спраўдзілася, пастанавіў пабудаваць касьцёл, які будзе домам і крэпасьцю Нябеснай Пані. Праз год у 1692г. закончаны ўжо быў фундамэнт пад пабудову драўлянага касьцёла. Песьляка так захапіла будаўніцтва, што не палохаў яго недахоп грошай на будоўлю. Так бязьмежна паверыў Прачыстай Паненцы, што з двума злотымі ў кішэні прыступіў да выкананьня абяцаньня. Мікалай умацаваў кубак пры крыжы, які напаўняўся ахвяраваньнямі, наколькі патрабавала будаўніцтва. Пэўнага дня зьяўляецца ў Песьляка бедна адзеты хлопец і ахвяруе яму 5 бітых талераў*. Казаў, што гэту шчодрую ахвяру прысылае яго пан. Калі Мікалай адвярнуўся, каб запісаць прозьвішча ахвярадаўцы, хлопец неспадзявана зьнік. Тады Песьляк зразумеў, што гэта быў пасланец зь неба. Яго малітва была выслухана, а Пан яго блаславіў. З гэтага часу не адчуваў недахопу на будоўлю сьвятыні для Маці Найсьвяцейшай. Скарбонка заўсёды была напоўнена манэтамі. Там было столькі грошай, колькі патрабавалася. Пан Бог і Марыя выслухалі гарачыя малітвы Мікалая Песьляка. У 1692г. будоўля драўлянага касьцёла падыходзіла да канца. Не хапала яшчэ толькі даху, аднак міма гэтага набожны фундатар пастанавіў урачыста ўнесьці дарагі абраз у сьвятыню. Папрасіў сьвятара з суседняй вёскі адслужыць набажэнства. На гэту ўрачыстасьць прыбыло шмат вернікаў, хаця не было дадзена ніякай аб’явы. Сярод тлуму было трое невідушчых. Ад усяго сэрца маліліся яны да Найсьвяцейшай Паненкі, каб атрымаць зрок. Як толькі ўнесьлі абраз ў сьвятыню і невідушчыя пакланіліся перад ім, адразу ўсе трое сталі бачыць.
Мікалай Песьляк запрасіў у новапабудаваны касьцёл Айцоў Базыльянаў.Законная ўлада назначыла на працу айца Сьпірыдона Сакалоўскага і айца Аляксандра Барысовіча з кляштара ў Вільні. Сьвяты Ёзафат, біскуп Віцебскі і мучанік, першыя гады свайго жыцьця законнага правёў у гэтым кляштары, а потым стаў яго кіраўніком**. З гэтага часу пачынаецца будаўніцтва новай сядзібы, якая пасьля становіцца мястэчкам. Так, як наказала Маці Божая, мястэчка назвалі Барунамі. Зямля Барунская часткова належала шляхціцу Крымянецкаму Міхалу Паплаўскаму, а частка была ўласнасьцю княгіні Караліны, жонкі Людвіка, з князёў Радзівілаў. Землеўласьнікі, ня гледзячы на варожыя адносіны да каталіцкага касьцёла, актам дарэньня аддалі яе касьцёлу. Пры драўляным касьцёле пабудаваў свой дом таксама Мікалай Песьляк. Астатнюю тэрыторыю забудавалі касьцельнымі будынкамі і дамамі людзей, якія прыехалі ў Баруны, кіруючыся набожнасьцю, або якімі-небудзь іншымі інтарэсамі.
У будучым плянавалася тут пабудаваць кляштар айцоў Базыльянаў. У 1705г. разбудаванае пасяленьне атрымала права мястэчка. Судовая ўлада была даверана кіраўнікам кляштара. Адбываліся тут нават таргі два разы ў тыдзень, і нават кірмашы, два разы ў год. Са спакойнага зацішнага мейсца нарадзілася вялікае і галасьлівае мястэчка.
*Манэта з серабра або золата вялікай каштоўнасьці. У той час гэта быў гадавы заробак працаўніка.
**Сьв.Ёзафат Кунцэвіч нарадзіўся ў 1580г. У 1604г. уступіў у кляштар айцоў Базыльянаў у Вільні. У 1617г. стаў біскупам Віцебскім. У 1623г. праціўнікі каталіцкага касьцёла замардавалі яго ў Віцебску. Як у час жыцьця, так і пасьля сьмерці стаў вядомым цудамі. У 1907г.быў кананізаваны.
Комментариев нет:
Отправить комментарий