Храналёгія падзеяў.
1692г. Урачыстае ўнясеньне абраза Маці Божай да драўлянага касьцёла, пабудаванага празь Мікалая Песьляка. Першымі манахамі, якія распачалі працу ў Барунах, былі айцы базыліяне зь Вільні: айцец Сьпірыдон Сакалоўскі і айцец Аляксандар Барысевіч. Базыліяне, будучы апекунамі Маці Божай, спаўнялі пастаянную паслугу Божаю, і апекавалі шматлікіх пілігрымаў, якія прыходзілі сюды, каб пакланіцца Маці Божай.
1702г. Час наезду швэдаў. Занепакоеныя базыліяне для бясьпекі перадаюць цудоўны абраз у атрад гетмана Княства Літоўскага Міхалу Вішнявіцкаму ў Валожын. З таго часу абраз Маці Божай вандруе разам з войскам і славіцца цудамі ў Брэсьце, Пінску і Жмудзі. Дзе толькі войска затрымлівалася на прывал, айцы базыліяне адпраўлялі набажэнства, а мясцовыя жыхары грамадзіліся каля яго, каб праз малітву выпрасіць патрэбныя ласкі.
1707г. Пажар зьнішчае Баруны, кляштар і частку касьцёла.
1709г. Цудоўны абраз Маці Божай вяртаецца ў Баруны, а таксама заканчваюцца ваенныя дзеяньні. У гэтым жа годзе распачынаецца адбудова драўлянага касьцёла.
1715г. Урачыстае асьвячэньне касьцёла ў Барунах. Акту кансэкрацыі даканаў біскуп Лявон Кішка. Кароны да абраза для Марыі і Дзіцятка Езуса зафундаваў Баканоўскі, зямельны чыноўнік. Касьцёл атрымаў тытул “Апекі Маці Божай”.
1750-1757гг. Адбываецца далейшае ўзбагачэньне касьцёла. Тры ўнутраныя нефы былі ўпрыгожаны дзевяцьцю алтарамі. Фасад касьцёла быў упрыгожаны невялічкімі вежамі. Непадалёку ад касьцёла была таксама пабудавана мураваная званіца. А насупраць касьцёла – невялічкая каплічка.
1740г. Базыліяне асноўваюць у Барунах школу. Спачатку школа мела толькі два класы, потым – пяць. У пэрыяд найбольшага росквіту школа налічвала шэсьць класаў гімназыйных і адносілася да унівэрсытэту ў Вільні. Колькасьць вучняў дасягала 200 чалавек у год. Школа дзейнічала да 1835г. У ёй выкладалі польскую і лацінскую мову, арытмэтыку, рэлігію, этыку, геамэтрыю, фізыку, гісторыю, батаніку, рольніцтва.
1788-1808гг. Базыліяне будуюць мураваны кляштар.
1812г. Войска Напалеона дашчэнту зьнішчыла кляштар і касьцёл.
1832г. Ліквідацыя Уніі праз царыцу Кацярыну ІІ на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Былі тут ліквідаваныя ажно 42 кляштары.
1839г. У сувязі з пагрозай ліквідацыі і небясьпекі, каб не згубіць абраза Маці Божай, базыліяне перадаюць цудоўны абраз сям’і Важыцкіх, якія жылі непадалёку Алянаў. А ў алтары зьмяшчаюць копію абраза Маці Божай. Прадбачачы закрыцьцё, кляштар змыкаюць, а базыліянаў адтуль высяляюць.
1841г. У Баруны прыбываюць праваслаўныя манахі і забіраюць кляштар базыліянаў.
1886г. Кляштар служыць праваслаўным.
1899г. У сувязі з высокім коштам утрыманьня Барунскага кляштара і касьцёла, кляштар быў закрыты. Пасьля касьцёл і будынак кляштара былі аддадзены праваслаўнаму духавенству. У праваслаўным аб’екце ўтворана жаночая школа, у якой вучыліся дочкі праваслаўных сьвятароў. Пасьля школу ператварылі ў двухгадовую Парафіяльную Духоўную школу, якая залежала ад Віленскай Духоўнай Сэмінарыі.
1903г. Кляштар належыць “Найсьвяцейшаму Сыноду Расейскай Царквы”.
1919г. Духоўныя праваслаўныя пакідаюць Барунскі кляштар і касьцёл. Яго прымае Ашмянскі вікарый, ксёндз Станіслаў Мікульскі, як адміністратар Рымска-Каталіцкага Касьцёла. У гэтым жа годзе распачынаецца аднаўленьне касьцёла ўнутры, а таксама прыстасаваньне яго да лацінскай літургіі.
1922г. Урачыстае ўнясеньне абраза Маці Божай да яе Барунскага санктуарыя. Цудоўны абраз Маці Божай, аддадзены сямьі Важыцкіх, быў прывезены зь Вільні 14 кастрычніка на станцыю Ашмяны. Марыю віталі сабраўшыяся ксяндзы, а таксама натоўп верных. Пасьля ўрачыстай працэсіі абраз Маці Божай прынесьлі ў Жупраны. Цэлую ноч на малітвенным чуваньні людзі аддавалі пашану Марыі ў Жупранскім касьцёле. Раніцай 15 кастрычніка працэсія з абразом накіравалася ў бок Барунаў. У Барунскай сьвятыні цудоўны абраз Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных памясьцілі на ранейшае месца, а дакладней, у алтары бакавога нефа касьцёла. Пастараўся адшукаць абраз і падрыхтаваць прывітальную ўрачыстасьць Маці Божай ксёндз пробашч Юліян Баруўка.
1923г. Барунскі касьцёл атрымаў тытул: “Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла”
Пробашчы, якія працавалі ў Барунскай парафіі пасьля 1919г.
Кс. Станіслаў Мікульскі
Кс. Міхал Пятроўскі
Кс .Зыгмунт Штафіньскі
Кс. Юліян Баруўка
Кс. Вацлаў Нуркоўскі
Кс. Фэлікс Карпінскі (высланы ў Варкуту ў 1944-1949гг.)
Кс. Станіслаў Казлоўскі 1945 -1978гг.
Кс. Ян Матусевіч 1979 – 1990гг.
Кс. Гэнрык Багушэўскі 1990 – 1997гг.
Кс. Ян Немец 1997 – 1999гг.
Кс. Яцэк Фалькоўскі 1999 – 2000гг.
Кс. Люцыян Дамброўскі 2000г.
У 1990г. у Баруны прыбываюць сёстры Місіянэркі Сьвятой Сям’і. Таямніча ад 1940г. у Барунах у цяжкія для Касьцёла гады, працавала сястра Каміля (Юлія), Місіянэрка Сьвятой Сям’і. У тым самым годзе адбылася ўрачыстасьць трохсотай гадавіны культу Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных. Ва ўрачыстасьці прымаў удзел біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама шматлікія духоўныя асобы і сьвецкія вернікі. Ксёндз Гэнрык Багушэўскі прыклаў шмат намаганьняў, каб адрамантаваць касьцёл. Пры ім касьцёл быў адноўлены знутры, а таксама былі адноўленыя фасад касьцёла, званіца і каплічка, якая знаходзіцца насупраць касьцёла.
Фэст у Барунскім Санктуарыуме праводзіцца ў дзень заступнікаў сьвятых Пятра і Паўла – 29 чэрвеня, а таксама ў апошнюю нядзелю жніўня ў гонар Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.
Найсьвяцейшая Маці Божая ў Барунскім Санктуарыуме была ўшанавана на працягу ўсіх вякоў. Прыходзілі да Марыі вернікі розных веравызнаньняў: грэкакатолікі, католікі, праваслаўныя. Марыя ўсіх абдымала той самай любоўю. Як і перад вякамі, так і цяпер Яна акружае людзей, якія падаюць на калені ў Яе падножжа, сваёй апекай. Не адну ласку вымаліла і не адзіным цудам адарыла Яна сваіх прыхільнікаў.
Ідучы сьлядамі сваіх бацькоў, будзем туліцца да Марыі. Яна зьяўляецца таксама нашай Маткай і Каралевай. На працягу ІІІ тысячагодзьдзя хрысьціянства Яна таксама жадае прасіць для нас Божай Міласэрнасьці і сьпяшаецца нам насустрач з дапамогай, а таксама сваім Матчыным заступніцтвам просіць у Свайго Сына, Езуса Хрыста, патрэбныя нам ласкі.
ПРАЦЯГ БУДЗЕ :)
Комментариев нет:
Отправить комментарий