понедельник, 18 мая 2009 г.

Сьвяты Валянцін і Божая Міласэрнасьць

Гэта ж я сёньня (вярней, ужо ўчора :) у Смалявічы езьдзіла - папрасіць сьвятога Валянціна, каб ён навучыў мяне любіць усіх людзей. А там якраз перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага праходзіла. І вернікі так старана маліліся, так старана сьпявалі... І такія ўсе добразычлівыя былі... А яшчэ калі я выйшла з электрычкі і шукала дарогу да касьцёла, адна спадарыня з радасьцю мне яе паказала, кажучы: "Дзякуй вам вялікі за тое, што вы за нас моліцеся...". А потым адзін праваслаўны спадар мяне амаль што да самага "пункту прызначэньня" давёў. Ён размаўляў са мной па-беларуску і вельмі цешыўся, што ў ягоным горадзе ёсьць касьцёл. Вось такое цудоўнае падарожжа атрымалася... А сьвяты Валянцін вельмі ўважліва выслухаў мяне, паківаў галавой і ціхенька прашаптаў мне на вушка: "Вось жа, і Пан Бог, і тыя, каго ты называеш сваімі сябрамі, і нават зусім незнаёмыя людзі любяць цябе "проста так". Не забывайся на іхныя ўсьмешкі.Узгадвай іх, калі табе будзе цяжка. І ня думай над тым, як зьмяніць людзей - бо яны і так вельмі добрыя. А лепей задумайся над тым, як табе быць у гармоніі зь імі, з Панам Богам і з усім сусьветам".

***
А тым, каго я называю сваімі сябрамі (хоць яны і ня ведаюць, што я іх так называю) - вялікі дзякуй за тое, што яны вось ужо ў другі раз запрасілі мяне ў Смалявічы :)


Комментариев нет:

Отправить комментарий