Аблічча Маці, слыннае цудамі.
Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці пры Яе абразе ў Барунах, распаўсюджваліся ўсё далей. Натоўпы верных пачалі прыбываць у Баруны, а ласкі, якія тут спазналі набожныя вернікі, ўзбуджалі сярод людзей набожнасьць і веру. Адкрыта гаварылі аб цудоўных выздараўленьнях ад цяжкіх і невылечных хваробаў.
9 ліпеня 1692г. Гэлена Петравічова з глыбокай верай і надзеяй даверыла Найсьвяцейшай Маці дачку свайго падданага, Кацярыну, якая з нараджэньня была кульгавай і нямой.Не расчаравалася. Калека пачала гаварыць і хадзіць, а свае першыя крокі прагнула скіраваць да Маткі Барунскай, каб Ёй падзякаваць за гэты цуд.
Юры Сташэўскі, а таксама Юры Пагарэльскі зь Менскага ваяводзтва доўга і цяжка хварэлі. Дактары не маглі ня ў чым ім дапамагчы. У жніўні 1692г. скіраваліся з просьбай, каб вярнуць здароўе, да Панны Прачыстай у Барунах, і тут жа былі выслуханыя. Пад канец жніўня гэтага самага году Клемэнс Коўшы з Ганцавічаў, якія належалі Тамашу Цэдроўскаму зь Менскага ваяводзтва, зьвярнуўся за дапамогай да Паненкі, бо праз цэлы год ня меў сілы ў правай руцэ. Падобна Міхал Яцэвіч з маёнтку Сэрвэч Ашмянскага павету доўгі час быў сьляпы, і Кшыштаф Казловіч, які быў ужо блізка сьмерці, прывезеныя да абраза Паненкі зь Дзіцяткам, здабылі здароўе, і зь вялікай радасьцю вярнуліся да сваіх блізкіх.
3 лістапада 1692г. малады хлопец Ян Паўлюковіч, з маёнтка, які належаў Хрэбтовічам, першы раз сеў на неаб’ежджанага каня. Разьюшаная жывёліна скінула свайго наезьніка, але яго нага заблыталася ў стрэмені. Конь цягнуў беднага юнака па полі і лесе. Яго спалоханыя бацькі, бачачы, што адбываецца, пачалі зь вераю прасіць Маці Божую Барунскую аб ратунку. Конь раптоўна спыніўся, а моцна пакалечаны хлопец у хуткім часе выздаравеў.
Юры Шурпіцкі са Смаргоні таксама ў лістападзе таго самага году, цяжка хварэючы, пасьля малітвы да Найсьвяцейшай Панны Барунскай раптоўна выздаравеў.
У сьнежні 1692г. Зофія Юзэфовічава з Ракава з-за моцнага галаўнога болю страціла зрок. Двухгадовы Янка, сынок Мар’яны Юркавай, быў невідушчым ад нараджэньня. Падобна Мар’яна Саломава з Забярэзьзя таксама была сьляпой. Пасьля шчырай малітвы саміх хворых, а таксама іх акружэньня, усе гэтыя асобы сталі бачыць. Працерлі яны вочы хусткай, якой спачатку дакрануліся да цудоўнага абраза.
У той самы месяц і год цудоўным чынам паправіліся Якуб і Мар’яна Міжыеўскія. Паміралі яны ад вельмі высокай тэмпэратуры. Таксама Канстанцыя Граніцкая, якая месяц не магла стаць на ногі, у Барунах адшукала здароўе.
У 1963г. трое сьмяротна хворых дзяцей Ваўжынца Янушэвіча з маёнтку Масевіча, ахвяраваныя Маці ў Барунах, у гэтую ж хвіліну паправіліся. Ян Грыневіч з вёскі Нарушэвічы, які быў невідушчы, і васьмігадовая дзяўчынка з маёнтку Міхала Сьвяцкага, таксама невідушчая, пасьля гарачай малітвы сталі бачыць.
Некаторыя адораныя ласкамі Пані з Барунаў самі запісалі свае сьведчаньні:
“Я, ніжэй падпісаўшыся, сьцьвярджаю, што маючы нязносны боль у правым воку, ахвяраваў вотум (дар) на сьвятое месца ў Баруны. І ў гэты момант, дзякуючы ласцы гэтай найцудоўнейшай Маткі, боль так пачаў выходзіць з маёй галавы, што я сам адчуў гэта. Выздаравеўшы і прыбыўшы да Сьвятога Касьцёла, дзякуючы Пану Богу і Яго Матцы, гэты цуд уласнай рукой падпісваю. Стэфан – Ян Сьлізень, пісар земскі ашмянскі, сакратар Яго Каралеўскай Мосьці. 31.01.1693г.” *
Вельмі часта былі занатаваныя цуды, атрыманыя пры малых абразках Маці Божай Барунскай. Такі цуд спазнала Багданава Старасельская, падстоліна віцебская. Яе цела было пакрытае пухлінай. Як толькі яна памалілася перад абразом, які атрымала ад ваяводы падляскага Браніцкага, пухліна сышла. Маці Барунская дапамагала сваім вернікам ня толькі перад сваім цудоўным абразом. Дастаткова, што зьвернесься да яе са сваёй просьбай аб дапамозе і аддасі Ёй паклон, а ніколі цябе ў патрэбе не пакіне. У яе выяве схаваная вялікая сіла Суцяшэньня Засмучаных. Сваімі ласкамі Маці Божая Барунская сягнула далёка паза Баруны. Пэўны шляхціц і католік, жыхар Смаленску, крануты “агульнай слабасьцю” і маючы на галаве каўтун**, якім адстрашваў ад сябе людзей, прыбывае з жонкай у Баруны. Песьляк абрэзаў яму каўтун, і ўсе разам пачалі горача маліцца да Маці, якая тут валадарыць. Хворы адразу паправіўся. У зваротнай дарозе шляхціц затрымаўся ў Чавусах у гаспадыні Агаты. Калі застаў яе хворай, адразу зразумеў, хто ёй можа дапамагчы. Аднак неразважлівая гаспадыня адмовілася ад дапамогі, а яе сыны так абурыліся на шляхціца, што пачалі блюзьнерыць і гаварыць супраць Бога. Раптоўна, калі ўсё пайшлі, а пры хворай засталася толькі ўнучка, у хату ўвайшлі дзьве прыгожа ўбраныя паненкі са сьвечкамі ў рукох. А за імі ўвайшла Найсьвяцейшая Пані, убраная ў зьнішчаную, падзёртую сукенку. Яна прамовіла аксамітным гоасам:
“Чаму ня слухаеш шляхціца? Чаму ня хочаш прыйсьці да Мяне? Паглядзі, як твае сыны парвалі маю сукенку. Дапільнуй, каб паправілі, бо іначай будуць пакараныя.”
Агата ў адну хвіліну зразумела, кім была тая цудоўная Пані. Хацела кінуцца да Яе ног, але ня мела на гэта сілаў. Аднак Маці Барунская заўважыла яе шчырую скруху і вярнула ёй здароўе, каб тая магла выбрацца зь пілігрымкай у Баруны, нягледзячы на тое, што яе сыны былі супраць. Агата не ўзяла з сабой ежы, і склала шлюбы, што ні ад кога ня возьме міласьціны і ні да кога не адзавецца. Пасьля доўгай і цяжкай дарогі, якую прайшла, Агата засьведчыла, што была ў яе Пані з абраза. Нягледзячы на тое, што гэтая бедная жанчына прайшла вельмі доўгую і вычарпальную дарогу з Чавусаў да Барунаў, яна не адчувала стомленасьці і адразу прыступіла да сакрамантаў Сьвятога Хросту, а таксама Першай Сьвятой Камуніі, прымаючы тым самым каталіцкую веру. Вестка аб цудоўным выздараўленьні Агаты хутка разышлася па Чавусах.
*Мора Ласкаў. Цытата, стар.32-33
**У тыя часы лічылася, што каўтун зьяўляецца знакам апантанасьці чалавека нячыстымі духамі.
ПРАЦЯГ БУДЗЕ!
Комментариев нет:
Отправить комментарий