Аблічча Маці, слыннае цудамі.
Зь вялікай верай да сьвятога Абраза зьвярнуўся таксама сьляпы ад нараджэньня Алёвіч. Меў 40 год, калі ўсьлед за Агатай рушыў у Баруны. Калі пачуў Барунскія касьцельныя званы, адкрыліся яму вочы. Гэтыя тры цуды запісаныя ў студзені 1693г. Ад студзеня 1963г. да траўня 1695г. запісана 157 цудоўных зьяваў, якія былі пацьверджаныя рознымі сьведчаньнямі. Сярод іх – выратаваньне жыцьця, выратаваньне ад рук непрыяцеляў, вяртаньне зь няволі, знаходжаньне рэчаў, вылечваньне ад дрэнных звычак, направа грахоў і жыцьцёвых памылак, навяртаньне зь ерасі, адсоўваньне трывогаў і клопатаў, хрысьціянскае прыгатаваньне да сьмерці, цудоўныя выздараўленьні канаючых, а таксама ўваскрашэньне памерлых. Пані з Абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.
Падобным чынам адбывалася і ў лютым 1693г. Гэлена Пазьнякова, якая была спаралізаваная і невідушчая, зьвярнулася са сваімі просьбамі і малітвамі да Маткі, і стала бачыць, і сама пайшла да Барунаў, каб падзякаваць сваёй Выратавальніцы. Панна Марыя вылечыла ад паралічу таксама і Станіслава Юшкевіча, і Мар’яну Арліцкую. Неймаверная і зьдзіўляючая разнастайнасьць і колькасьць тых цудаў, якія ўчыніла Маці Божая Барунская для свайго люду. Кожны, хто зь верай зьвяртаецца да Цудоўнай Пані, ня будзе пакінуты без уцехі. Аднак найбольш у кнізе занатавана менавіта цудоўных выздараўленьняў.
Цудоўную дапамогу атрымоўвае таксама ксёндз Юры Казімір Гелаўтовіч, які пражываў у Жмудзі. У няшчасным выпадку ён зламаў нагу і гэта быў адкрыты пералом. Нага доўга не гаілася, прычыняючы яму моцны, нясьцерпны боль. Калі пабожны ксёндз зьвярнуўся да Найсьвяцейшай Панны, просячы аб дапамозе ў пакутах, адразу атрымаў ласку, і яго нага загаілася ў той самы момант.
12 лістапада 1693г.прыехала ў Баруны шляхцянка з Наваградка і распавяла сваю гісторыю. На трэці дзень пасьля яе сьмерці, калі ў касьцёле адбывалася пахавальнае набажэнства, “Манархіня Неба і Зямлі, узбуджаная шчырымі сьлязамі трох дачок”, вярнула яе да жыцьця. Родзічы і сябры, што прысутнічалі на пахаваньні, бачачы, што яна ўстае з труны, уцяклі ў перапалоху. Ксяндзы ў той хвілі бачачы ў зь мёртвых паўстаньні ролю д’ябла, пачалі адпраўляць над ёй экзарцызмы (дзеяньні, ськіраваныя на выгнаньне д’ябла пры дапамозе малітвы, моцай Хрыста). Падобным чынам 23 студзеня 1694г. да жывых вярнуўся Станіслаў Алешка Любахоньскі.
У лютым 1694г. прыбыў у Баруны Караль Вайноўскі. Прыйшоў ён горача падзякаваць Маці Найсьвяцейшай, якая дапамагла яму ўцячы зь татарскай няволі ў Крыме.
Маці Божая ўвесь час апекавалася сваімі вернымі, але таксама ўспамінала пра грэшнікаў і недавяркаў. Гэта дасьведчыў Станіслаў Паўловіч, калі ў 1694г. у сьвята Маці Божай Грамнічнай 2 лютага адправіўся ў Баруны. Кіравала ім ня столькі вера, колькі цікаўнасьць. Калі прыехаў на месца, пачаў прыглядацца да натоўпу верных зь легкадумнасьцю і недаверам. Калі набажэнства скончылася і ён, вяртаючыся дамоў, не пасьпеў нават ад’ехаць далёка, агарнулі яго слабасьць і немач. Адразу тады прыпомніў свае дрэнныя паводзіны ў Доме Найсьвяцейшай Маці Барунскай і з пакорай, а таксама са шчырай скрухай пачаў прасіць у Яе дапамогі. Раптам ён засынае, а ў сьне яўляюцца яму тры паненкі, і адна мовіць яму такія словы: “Цярпеньне тваё – кара за тое, што пагарджаў гэтым сьвятым месцам. Аднак, калі вернесься ў Баруны са шчырай малітвай, атрымаеш маю ласку". І гэтак сталася.
4 чэрвеня тога ж году сьведкам зь мёртвых паўстаньня быў ксёндз Станіслаў Казімер Бутлер. Ён уласнаручна запісаў гэты цуд у кнізе. Калі вяртаўся з Барунаў, затрымаўся ў Каваля ў Трабах*, а там аплаквалі памерлае месячнае дзіцятка. Ксёндз, шчыра верачы ў цудоўныя здарэньні па волі Маці Божай Барунскай, узяў дзіцятка на рукі і горача маліўся. Дзіця ажыло ў прысутнасьці шматлікіх суседзяў.
Уласнаручныя пасьведчаньні склалі таксама Феліцыян Скарабагаты з Тракеляў і Аляксандар Уняхоўскі:
“Я, ніжэй падпісаўшыся, testor fidelissime sub juramento**, што жонка мая, будучы цяжка хворая многа гадоў, у годзе трэцім, упаўшы ў гарачку, яшчэ больш захварэла, тэмпэратуру і вялікі боль галавы церпячы, ахвяравалася да гэтага цудоўнага абраза ў Барунах. Таксама і я, будучы слабага здароўя, паехаў разам зь ёй на тое сьвятое месца. Тут атрымалі мы жаданыя ласкі, бо вярнуліся дадому здаровымі.” Феліцыян Скарабагаты, пісар гарадзкі троцкі.
“Я, Аляксандар Уняхоўскі, судзьдзя земскі ваяводзтва Менскага сьведчу, што ў годзе 1695, месяца лютага, 24 дня, будучы цяжка паранены, так, што аж да сьмерці блізка быў, калі ў гнойнай ране ў галаве пачаў гуз расьці, хутка ахвяраваўся на цудоўнае месца да абраза Панны Найсьвяцейшай у Баруны. Адразу ж адчуў паляпшэньне здароўя і гуз гэты зьгінуў, за што Богу ў Тройцы Сьвятой Адзінаму дзякуючы, вотум учынены спаўняю і за атрыманы цуд Маці Найсьвяцейшую ў гэтым абразе цудоўным ведаю і Ёй пашану аддаю. – Idem qui supra mp.p.”***
Гэтыя апісаныя вышэй цудоўныя здарэньні, якія мелі месца ў Барунах, зьяўляюцца толькі малой часткай усіх тых цудаў, якія Барунскай Пані ўчыніла для сваіх верных. Весткі аб цудоўным абразе распаўсюджваліся ўсё далей. Паглыблялася вера мясцовага люду, бо адбываліся тут незвычайныя і нечуваныя рэчы: выздараўлівалі безнадзейна хворыя, навярталіся закаранелыя грэшнікі і недавяркі. Найчасьцей, саромеючыся, яны не прыходзілі запісваць зьведаных цудаў. Аднак, найлепшым сьведчаньнем цуду ёсьць трывалая паправа жыцьця.
У Барунах дзейнічае невымоўная і невытлумачальная Божая Ласка і Моц. Пустка, якая нават ня мела назвы, з кожным днём разрастаецца і ажывае. Бедны чалавек бяз сродкаў на жыцьцё будуе касьцёл і яму хапае на гэта грошай. Людзі з усіх бакоў сьвету бесьперапынна, увесь год сыходзяцца да гэтага месца і адыходзяць шчасьлівымі…
***
Апісаньне касьцёла.
Касьцёл і кляштар базыліянаў.
Сьвятыня і кляштар былі заснаваныя ў 1691г. мясцовым шляхціцам Мікалаем Песьлякам. Існуючы ў цяперашні час барочны мураваны касьцёл і будынак кляштару ўзьведзены ў 1747-1757г.г. па праекту архітэктара А.Асікевіча. Касьцёл сьв.Пятра і Паўла зьяўляецца трохнефавай базылікай зь незвычайна прыгожым фасадам у стылю віленскага барока, выпуклым у цэнтральнай частцы. Аздабляюць яго пілястры, прафіляваныя карнізы і высокі шчыт. Над упрыгожаным парталам разьмешчана вялікае акно. Каля шчытоў бакавых нефаў месьцяцца ўсталяваныя пад вуглом да фасаду дзьве вежы. Стройная трох’ярусная левая вежа накрытая барочным купалам. Яе фасад аздабляюць кутнія пілястры, карнізы і плоскія нішы. Найкаштоўнейшымі элемэнтамі ўнутранага аздабленьня зьяўляюцца мармуровыя алтары – галоўны і бакавы, з калёнамі, скульптурамі, разьбой, а таксама амбон са штучнага мармуру, выкананы ў стылі ракако.
У касьцёле знаходзіцца вядомы шматлікімі ласкамі абраз Маці Божай Барунскай, наведваньне якога зьяўляецца мэтай шматлікіх пілігрымаў. Унутры храма таксама можна ўзяць вады з крынічкі, якая, па словах вернікаў, мае лячэбную сілу. Побач з касьцёлам разьмешчаны кляштарны корпус, узьведзены ў 1778 – 1793 г.г. і перабудаваны напрыканцы ХІХ ст. у нэаклясычным стылі. Гэта двухпавярховы будынак, Т-падобны ў пляне. Перад храмам разьмешчана невялічкая двух’ярусная каплічка, збудаваная ў другой палове XVIII ст., накрытая невялікім цыліндрычным шмат’ярусным купалам і абнесеная мураванай агароджаю з брамай.
* Мястэчка, якое месьціцца за 35 км ад Ашмянаў. Калісьці гэта была сталіца князя Трабуса.
** Сьведчу пад прысягай
*** Той самы, што вышэй рукой уласнай…
Аўтар: кс.Люцыян Дамброўскі
Фота: кс.Алег Пятрашка
Перакладчык: Дарыя Дамброўская
кс. Алег Пятрашка
суббота, 6 февраля 2010 г.
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Комментариев нет:
Отправить комментарий