воскресенье, 28 февраля 2010 г.

Францішканскі мем :)

Было гэта ў сярэдзіне 90-х. Супрацоўнікі нашай фірмы сядзелі са сталовымі лыжкамі ў рукох і з сумам на тварах вакол трохлітровага слоіка з чырвонай ікрой (дырэктар пачаставаў) і скардзіліся адзін аднаму на сваё вельмі цяжкое жыцьцё, хаця і атрымлівалі зарплату ў разы большую, чым тыя, хто працаваў тады на дзяржаўных прадпрыемствах. Нарэшце дайшла чарга і да мяне. Але ж мне, як чалавеку веруючаму, скардзіцца было няёмка, хоць і вельмі хацелася. Таму я вырашыла памаўчаць. Працоўны калектыў быў вельмі зьдзіўлены і нават абураны маім зацятым маўчаньнем, але, крыху паразважаўшы, прыйшоў да высновы, што ў мяне ў матэрыяльным пляне ўсё ў парадку і я ні ў чым ня маю патрэбы, і што з гэтай нагоды мяне можна толькі павіншаваць і шчыра за мяне парадавацца. А радасьць гэтая не прымусіла доўга сябе чакаць і неўзабаве перайшла ўсялякія дапушчальныя межы. І вось тут, нават нечакана для мяне самой, з маіх вуснаў вылецела гэтая цудоўная і па-сапраўднаму францішканская фраза, якую мае калегі памяталі і неаднойчы паўтаралі да самага апошняга дня існаваньня нашай вельмі цудоўнай і вельмі вясёлай фірмы:

У мяне нічога няма, але я жыву добра!!! :) :) :)

суббота, 27 февраля 2010 г.

Ян Павал ІІ. Рымскі трыпціх. Мэдытацыі. Струмень

КРЫНІЦА

Затока лесу спускаецца
ў рытме горных патокаў...
Калі хочаш знайсьці крыніцу,
мусіш ісьці пад гару супраць плыні.
Прадзірайся, шукай, не саступай,
ведаеш, яна павінна тут недзе быць -
Дзе ты, крыніца?.. Дзе ты, крыніца?!

Ціша...
Струмень, лясны струмень,
адкрый мне таямніцу свайго пачатку!

(Ціша - чаму ты маўчыш?
Як жа старанна схавала ты таямніцу
свайго пачатку.)

Дазволь арасіць перасохлыя вусны
крынічнай вадою
і адчуць сьвежасьць,
жывую сьвежасьць.

2002г.
Пераклад з польскай мовы Дануты Бічэль

четверг, 25 февраля 2010 г.

Размова парастка з мастаком, які яго намаляваў :)

Малюнак ЖЖ-сябра jan_no , які ён намаляваў для ЖЖ-сяброўкі ku_palinka. Называецца

"ПакрысЕ"

Пакрысе дрэўцы ўсе павыпроствалі галінкі.
Пакрысе кветкі ўсе ў неба узьнялІ сьцяблінкі.
І травінкі пакрысе прарасьлі на клюмбе ўсе.

Пакрысе зноўку ўсе з поўдня прылятаюць птушкі.
І дзяўбуць пакрысе галаву маю і вушкі –
Кожны дзень, пакрысе, і сьпяваюць аб вясьне – ўсе.

Гэй, мастак! У мяне да цябе пытаньне:
Ты навошта прыдумаў мне катаваньне?
Стварыў мяне - дык давай дамалёўвай і пудзіла!
Ой, ізноў прыляцела, шэльма… Ратуйце, людзі, а-а-а!!! :)
***
Усё. Набываю рамачку і вешаю малюнак на сьцяну :)

Аб'ява на дзьвярох падаткавай інспэкцыі

Прыём:
панядзелак - пятніца

з 9.00 да 18.00 тыс.USD
:)

Вясёлы быў час...

Паштоўка фірмы "Кавалер"-ООО. 1992г.
Мастак В.Валынец.

понедельник, 22 февраля 2010 г.

Дзяжурны па Краіне ня дрэмле... :)

Сёньня ў мяне ў пліце газ зьнік. У суседзяў таксама. Гадзіны дзьве яго не было. Я ўжо нават падумала, што пераварот адбыўся… У нас… А мо’ ня ў нас… Ну, ці Рыгоравіч вэнтыль у транзытнай трубе падкруціў - у сувязі з рэзкай зьменай палітычнай абстаноўкі. А мо’ не Рыгоравіч, а БээРэСэМаўцы – ў знак пратэсту супраць прыезду Рамштайна ў Менск. А ў мяне ж нават кіпяцільніка няма, ня кажучы ўжо пра электрычны імбрык… Ну ўсё, думаю, прыйдзецца прама ў хаце вогнішча распальваць… Але ўсё аказалася нашмат празаічней. Проста прадзіравілася нейкая невялічкая газаносная труба раённага маштабу, якую неўзабаве залаталі. А ветлівы майстра пазваніў у дзьверы і паведаміў, што ўжо можна заварваць гарбату, альбо каву… Вось што значыць стабільнасьць...




суббота, 20 февраля 2010 г.

Канфітуры з дурніц

Вельмі смачнае варэньне з буякоў... было... :)

Горад, якога няма...

Прыгожы дамок калісьці быў... Напэўна, яго яшчэ да рэвалюцыі пабудавалі. Зараз у ім мастакі ды скульптары працуюць... А адрэстаўраваць будыніну па-людзку, на жаль, няма каму...

пятница, 19 февраля 2010 г.

Толькі Ł і толькі Z! :)

Толькі лацінка, Зянон і Касьцёл!
Край – без расейшчыны і маскалёў.
Толькі Пагоня зь вершнікам сьмелым.
Штандар толькі бел-чырвона-белы.


Толькі Пан Бог, Марыя і Езус!
Ворагі злыя няхай к нам ня лезуць.
Толькі Любоў, Надзея і Вера!
Разам з Хрыстом пераможам мы Зьвера!

Ну а пакуль што – Рыгорав
іч толькі…
Трусік чароўны, крыжыкі, нолікі …
Закат над балотам, зьвязда ў каласох…
Лён ў стужках чырвона-зялёных засох…


Колькі ж яшчэ нам ў пустэльні блукаць?..

Колькі гадоў між сабой ваяваць?..
Мы ж беларусы. Мы мірныя людзі…
Толькі вось Воршу наўрад ці забудзем… :)

Для тых, хто любіць лацінку. Верш Ірыны Багдановіч.

Адабралі ў мяне Айчыну
з немаўленчых маіх гадоў
але душу маю абудзіў
шолах балонак старых кніг
зрок мой задзівавалі
спляценьні літар лацінкі
яны разблыталі мой язык
яны змаглі маю летаргію
дзічка выкапаная на ўзьлеску
душа мая ў садзе Бацькаўшчыны

Малюнак узяты ў

Ветра Механічнага

Любімая паэтка і любімая кніжачка




У новых ня храмах ня новыя фарысэі
мелі толькі адзін і нядрэнна аплочаны клопат:
навучалі аб Краі, што гэта задворак Расеі,
толькі ўсё ж не забыліся ў Краі,
што гэта прадмесьце Эўропы.

Прас :)

Дарожны прасік 1968 году нараджэньня. Ягоная даўжыня 11 см, шырыня - 5,5 см, вышыня - 7 см. А "ХЭМЗ", напэўна, расшыфроўваецца як Харкаўскі электра-мэханічны завод.
Прасік цудоўна ўпрыгожвае кухонны інтэр'ер :)

среда, 17 февраля 2010 г.

Прызначэньне

Расейскі пісьменьнік і па сумяшчальніцтве папулярны блогер Дзьмітры Горчаў пісаў у сваім апавяданьні, якое так і называлася - "Прызначэньне":

"Насамрэч даведацца пра сваё Прызначэньне ня надта складана: калі чалавек робіць нешта проста так, не за грошы, і ўвогуле нікому гэта на хрэн не патрэбна, гэта азначае, што вось гэта самае і ёсьць яго сапраўднае... Ад іншых заняткаў выкананьне Прызначэньня адрозьніваецца тым, што ўзнагарода за яго выкананьне ніякая на Зямлі не прадугледжана, потым будзе ўзнагарода, пасьля Сьмерці або наогул ня будзе, не галоўнае гэта. Але каб выконваць Прызначэньне, чалавеку ж трэба нешта есьць, жыць неяк. Вось і займаецца ён рознай нуднай лухтой, за якую ўзнагарода, наадварот, належыць адразу ж або, у скрайнім выпадку, у панядзелак. Але і гэта ў чалавека атрымліваецца кепска, таму што вось займаецца чалавек нуднай лухтой, займаецца і раптам адчувае, што пара выконваць Прызначэньне. У гэтым выпадку ён абавязаны неадкладна ўсё кінуць, паслаць усіх падалей, адключыць тэлефон і выконваць.

Таму што гэта наогул адзіная прычына, па якой ён тут знаходзіцца, няма болей ніякіх іншых і ня будзе.

А людзі барабаняць у дзьверы, разьдзіраюць тэлефон, крычаць, стукаюць на яго па стале кулаком і не даюць яму грошай. Таму што самі яны дык Прызначэньне сваё выконваюць дрэнна, абы як — сям'я ў іх, дзеці, дзялы, цешча злая, праца, часу мала. І калі яны бачаць чалавека, які выконвае Прызначэньне спраўна, іх тут жа душыць Жаба. Таму што яны добра ведаюць, што бывае з чалавекам, які ня выканаў Прызначэньне. Ну, ці здагадваюцца...".


Узятае ў Будзіміра :)

понедельник, 15 февраля 2010 г.

Урэднасьць... :)

Ксёндз - зьвер вельмі харошы чалавек… Ён стараецца ставіцца да мяне па-людзку… І нават зрабіць нешта добрае… Але ў яго гэта не атрымліваецца... Напэўна таму, што я замінаю...

Натурморт :)

Кальварыя









1. Касьцёл
2 і 3 - помнік дзяўчыне, загінуўшай на Нямізе ў 1999 годзе

Сапраўдны твар расейскага бізнэсу...

суббота, 13 февраля 2010 г.

Заўтра дзень сьвятога Валянціна

Імша ў касьцёле сьв.Валянціна, які знаходзіцца ў м.Смалявічы, распачнецца 14.02.2010г. а 12-00.


Успамін сьвятога Валянціна у Смалявічах. 2009г.


Сёньня, як ніколі, патрэбна аднаўленьне культу хрысьціянскай любові




Мастакі і анёлы

Цудоўная каталіцкая графіка Любы Тандзіт



Blogspot

Чаго толькі (а галоўнае - каго!) ні шукаюць людзі ў маім блогу… У ЖЖ ня бачна, чаго шукаюць, а ў блогу бачна (але ня бачна, хто :), бо ў статыстыцы ёсьць функцыя: “зварот па пошукавых фразах”. Вось, на днях нехта хацеў даведацца, як стаць вампірам… Але ж ёсьць яшчэ і больш “цікавыя” запыты…

Там, дзе жыве БХД

Як і многія іншыя сябры БХД, я жыву ў краіне з паэтычнаю назваю Астрава Зялёнага Мыса (і Павал Севярынец тут жыве:), у горадзе Менску, у Цнянскім раёне. У нас неўзабаве адбудуцца мясцовыя выбары. Адзін з нашых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты – цнянскі Літвін. Так-так, менавіта Літвін. І менавіта зь вялікай літары. Як ні дзіўна, іх у нашай краіне становіцца ўсё больш :)

За маімі вокнамі бушуе Атлянтычны акіян, і без перапынку дзьме моцны вецер… Мясцовыя старажылы кажуць, што так можа дзьмуць толькі Вецер Пераменаў…Але яны не ўдакладняюць, якіх...

четверг, 11 февраля 2010 г.

:)

На днях адзін грэка-каталіцкі сьвятар, зазірнуўшы ў мой ЖЖ, падумаў, што я манашка, а не сьвецкая францішканка… І што я сяджу побач з праваслаўным айцом з БАПЦ за адным кампутарам і разам зь ім з захапленьнем чытаю ЖЖ добра ўсім вядомага паганца… Прама дэтэктыў нейкі атрымаўся… З допытам...

Да… Віртуальнасьць – гэта не рэальнасьць… Тут многія людзі могуць цябе зусім няправільна зразумець…

Сусьветны дзень хворых адзначаецца 11 лютага - у дзень усмаміну НПМ зь Люрду

Пасланьне Сьвятога Айца на Сусьветны дзень Хворага

Дзень хворых

11 лютага - Сусьветны дзень хворага

Цярпеньне - урок пакоры


Насуперак немачы

"Я прасіла ў Бога не багацьця
..."

Сястра мая сьмерць, або вялікія народзіны

Сёньня Касьцёл успамінае аб'яўленьні НПМ ў Люрдзе, а таксама адзначае Сусьветны Дзень Хворага

Літанія да Маці Божай з Люрда

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
– змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
– змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
– змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
– змілуйся над намі.

Найсвяцейшая Панна, якая аб’явілася ў Люрдзе,
— маліся за нас.
Найсвяцейшая Панна, якая заахвочвала да пакаяння,
— маліся за нас.
Найсвяцейшая Панна, якая паказала аздараўляльную крыніцу,
— маліся за нас.
Найсвяцейшая Панна, якая пацвярджала сваё Беззаганнае Зачацце,
— маліся за нас.
Беззаганная Дачка Бога Айца,
— маліся за нас.
Беззаганная Маці Божага Сына,
— маліся за нас.
Беззаганная Абранніца Духа Святога,
— маліся за нас.
Беззаганная Святыня Найсвяцейшай Тройцы,
— маліся за нас.
Беззаганнае адлюстраванне Божай Мудрасці,
— маліся за нас.
Беззаганная Заранка справядлівасці,
— маліся за нас.
Беззаганны Каўчэг Запавету,
— маліся за нас.
Беззаганная Дзева, якая струшчыла галаву пякельнаму змею,
— маліся за нас.
Беззаганная Каралева неба і зямлі,
— маліся за нас.
Беззаганная скарбніца Божых ласкаў,
— маліся за нас.
Беззаганны шлях, які вядзе да Езуса,
— маліся за нас.
Беззаганная Панна, вольная ад першароднага граху,
— маліся за нас.
Беззаганная брама неба,
— маліся за нас.
Беззаганная Зорка мора,
— маліся за нас.
Беззаганная Маці святога Касцёла,
— маліся за нас.
Беззаганная крыніца ўсялякіх дасканаласцяў,
— маліся за нас.
Беззаганная прычына нашай радасці,
— маліся за нас.
Беззаганны ўзор веры,
— маліся за нас.
Беззаганная крыніца Божай любові,
— маліся за нас.
Беззаганны знак нашага збаўлення,
— маліся за нас.
Беззаганнае святло Анёлаў,
— маліся за нас.
Беззаганная настаўніца апосталаў,
— маліся за нас.
Беззаганная хвала прарокаў,
— маліся за нас.
Беззаганная сіла мучанікаў,
— маліся за нас.
Беззаганная апякунка веравызнаўцаў,
— маліся за нас.
Беззаганны ўзор дзявочай чысціні,
— маліся за нас.
Беззаганная радасць тых, хто Табе давярае,
— маліся за нас.
Беззаганная абарона грэшнікаў,
— маліся за нас.
Беззаганная знішчальніца ўсялякага зла,
— маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
– даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
– выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
– змілуйся над намі.

О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!

Молімся.
Найсвяцейшая Маці, Ты праславілася ў Люрдзе вялікімі ласкамі і дабрынёю, пра якія столькі разоў сведчыла ў гэтым выбраным месцы. Пакорна просім Цябе, выпрасі нам усе цноты для нашага асвячэння, а таксама поўнае здароўе душы і цела і дапамажы, каб мы яго выкарыстоўвалі на хвалу Бога, для дабра бліжніх і збаўлення душы. Амэн.

понедельник, 8 февраля 2010 г.

Думалі...

Думалі сёньня зь сястрой, што пойдзем "легіянэрыць" на вакзал. А Пан Бог думаў, што ня пойдзем... Ня цяжка здагадацца, Хто з нас меў рацыю... :)

Паэзія і проза

Мінулае легіянэрскае заданьне выконвалі зь сястрой Аняй на вакзале. Сустрэлі паэтку са Слоніма, і я больш за гадзіну слухала даволі неблагія рэлігійныя, палітычныя і лірычныя вершы. Шкада толькі, што ўсе яны былі напісаныя па-расейску. А яшчэ аказалася, што паэтка, ў вольны ад напісаньня вершаў час, вельмі любіць складаць і разгадваць красворды, рэгулярна глядзіць перадачу “Поле цудаў” і вось ужо 11-ы год марыць сустрэцца зь яе вядучым Паўлам Якубовічам. Яна і падарункі яму дасылае, і лісты піша, а ён так не разу і не запрасіў яе на перадачу…

Сястра Аня таксама любіць вершы, але яна вельмі актыўны чалавек. Пакуль я размаўляла з паэткаю, сястра пасьпела ахапіць легіянэрскаю працаю ледзьве не ўсю вакзальную моладзь…

А потым з намі захацеў паразмаўляць даволі прыстойны з выгляду мужчына. Але неўзабаве высьветлілася, што ён знаходзіцца “пад шафэ”, хутчэй нават пад цяжкім, чым пад лёгкім… Мужчына пачаў патрабаваць “прадаўжэньня банкету”, але ж праз пару хвілінаў размовы ўсё ж такі ўсьвядоміў, што мы - каталікі ,і сказаў: “Тады давайце пойдзем у касьцёл!”. Мы яшчэ хвілінаў 10 угаворвалі яго, каб ён ехаў дадому…

Сёньня ўвечары таксама ідзем на вакзал… :)

воскресенье, 7 февраля 2010 г.

Жыцьцё...

Вывесіла тут на днях нашаніўскі артыкул “Мінская спадчына” зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл св.Язэпа”, а спадар Сяржук – каталік з БХД, напісаў пад ім вось такі камэнтар: “Я так мяркую, што былы мэр Паўлаў страціў здароўе ня проста так. Хто наступны асьмеліцца ўзьняць руку на сьвятыню?”

Ой, вельмі складаная гэтая тэма для мяне... Так, мэр страціў здароўе… Але ж два вельмі актыўных каталіка, якія змагаліся за вяртаньне касьцёла, таксама яго страцілі… і… памерлі… ўжо ў мінулым годзе… Пан Мар’ян і пані Яна… Мар’яну было за 60, Яні – 49. Сястра Яна была актыўнаю легіянэркаю. На працягу некалькіх год яна цяжка хварэла, але ж трымалася вельмі мужна: ледзьве ні да апошняга дня езьдзіла на каталіцкія фэсты і ўдзельнічала ў рэкалекцыях. Напэўна, толькі Пан Бог мог даць такія сілы і такую мужнасьць цяжка хвораму чалавеку…

А пан Мар’ян быў вельмі загартаваным і фізычна здаровым чалавекам. У любое надвор’е ён мог гадзінамі стаяць ля касьцёла без капелюша, даволі лёгка апрануўшыся, і трымаць крыж. Ён памёр у той дзень, калі пахавалі Яну… Напэўна… Бо ён жыў адзін у сваёй кватэры, і яго знайшлі там толькі празь некалькі дзён, ужо нежывым… Ведаю, што пан Мар’ян пачуваўся вельмі самотным. Ён сам неаднойчы казаў мне аб гэтым… Напэўна, Пан Бог вырашыў, што на Небе яму будзе нашмат лепей…

Цяпер у тых, хто змагаецца за вяртаньне касьцёла, на Нябёсах ёсьць два новых заступніка - Мар'ян і Яна… Вечная ім памяць…
***

Пішу пра ўсё гэта таму, што мне самой вельмі-вельмі нявесела…

суббота, 6 февраля 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка V

Аблічча Маці, слыннае цудамі.

Зь вялікай верай да сьвятога Абраза зьвярнуўся таксама сьляпы ад нараджэньня Алёвіч. Меў 40 год, калі ўсьлед за Агатай рушыў у Баруны. Калі пачуў Барунскія касьцельныя званы, адкрыліся яму вочы. Гэтыя тры цуды запісаныя ў студзені 1693г. Ад студзеня 1963г. да траўня 1695г. запісана 157 цудоўных зьяваў, якія былі пацьверджаныя рознымі сьведчаньнямі. Сярод іх – выратаваньне жыцьця, выратаваньне ад рук непрыяцеляў, вяртаньне зь няволі, знаходжаньне рэчаў, вылечваньне ад дрэнных звычак, направа грахоў і жыцьцёвых памылак, навяртаньне зь ерасі, адсоўваньне трывогаў і клопатаў, хрысьціянскае прыгатаваньне да сьмерці, цудоўныя выздараўленьні канаючых, а таксама ўваскрашэньне памерлых. Пані з Абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.

Падобным чынам адбывалася і ў лютым 1693г. Гэлена Пазьнякова, якая была спаралізаваная і невідушчая, зьвярнулася са сваімі просьбамі і малітвамі да Маткі, і стала бачыць, і сама пайшла да Барунаў, каб падзякаваць сваёй Выратавальніцы. Панна Марыя вылечыла ад паралічу таксама і Станіслава Юшкевіча, і Мар’яну Арліцкую. Неймаверная і зьдзіўляючая разнастайнасьць і колькасьць тых цудаў, якія ўчыніла Маці Божая Барунская для свайго люду. Кожны, хто зь верай зьвяртаецца да Цудоўнай Пані, ня будзе пакінуты без уцехі. Аднак найбольш у кнізе занатавана менавіта цудоўных выздараўленьняў.

Цудоўную дапамогу атрымоўвае таксама ксёндз Юры Казімір Гелаўтовіч, які пражываў у Жмудзі. У няшчасным выпадку ён зламаў нагу і гэта быў адкрыты пералом. Нага доўга не гаілася, прычыняючы яму моцны, нясьцерпны боль. Калі пабожны ксёндз зьвярнуўся да Найсьвяцейшай Панны, просячы аб дапамозе ў пакутах, адразу атрымаў ласку, і яго нага загаілася ў той самы момант.

12 лістапада 1693г.прыехала ў Баруны шляхцянка з Наваградка і распавяла сваю гісторыю. На трэці дзень пасьля яе сьмерці, калі ў касьцёле адбывалася пахавальнае набажэнства, “Манархіня Неба і Зямлі, узбуджаная шчырымі сьлязамі трох дачок”, вярнула яе да жыцьця. Родзічы і сябры, што прысутнічалі на пахаваньні, бачачы, што яна ўстае з труны, уцяклі ў перапалоху. Ксяндзы ў той хвілі бачачы ў зь мёртвых паўстаньні ролю д’ябла, пачалі адпраўляць над ёй экзарцызмы (дзеяньні, ськіраваныя на выгнаньне д’ябла пры дапамозе малітвы, моцай Хрыста). Падобным чынам 23 студзеня 1694г. да жывых вярнуўся Станіслаў Алешка Любахоньскі.

У лютым 1694г. прыбыў у Баруны Караль Вайноўскі. Прыйшоў ён горача падзякаваць Маці Найсьвяцейшай, якая дапамагла яму ўцячы зь татарскай няволі ў Крыме.
Маці Божая ўвесь час апекавалася сваімі вернымі, але таксама ўспамінала пра грэшнікаў і недавяркаў. Гэта дасьведчыў Станіслаў Паўловіч, калі ў 1694г. у сьвята Маці Божай Грамнічнай 2 лютага адправіўся ў Баруны. Кіравала ім ня столькі вера, колькі цікаўнасьць. Калі прыехаў на месца, пачаў прыглядацца да натоўпу верных зь легкадумнасьцю і недаверам. Калі набажэнства скончылася і ён, вяртаючыся дамоў, не пасьпеў нават ад’ехаць далёка, агарнулі яго слабасьць і немач. Адразу тады прыпомніў свае дрэнныя паводзіны ў Доме Найсьвяцейшай Маці Барунскай і з пакорай, а таксама са шчырай скрухай пачаў прасіць у Яе дапамогі. Раптам ён засынае, а ў сьне яўляюцца яму тры паненкі, і адна мовіць яму такія словы: “Цярпеньне тваё – кара за тое, што пагарджаў гэтым сьвятым месцам. Аднак, калі вернесься ў Баруны са шчырай малітвай, атрымаеш маю ласку". І гэтак сталася.

4 чэрвеня тога ж году сьведкам зь мёртвых паўстаньня быў ксёндз Станіслаў Казімер Бутлер. Ён уласнаручна запісаў гэты цуд у кнізе. Калі вяртаўся з Барунаў, затрымаўся ў Каваля ў Трабах*, а там аплаквалі памерлае месячнае дзіцятка. Ксёндз, шчыра верачы ў цудоўныя здарэньні па волі Маці Божай Барунскай, узяў дзіцятка на рукі і горача маліўся. Дзіця ажыло ў прысутнасьці шматлікіх суседзяў.

Уласнаручныя пасьведчаньні склалі таксама Феліцыян Скарабагаты з Тракеляў і Аляксандар Уняхоўскі:
“Я, ніжэй падпісаўшыся, testor fidelissime sub juramento**, што жонка мая, будучы цяжка хворая многа гадоў, у годзе трэцім, упаўшы ў гарачку, яшчэ больш захварэла, тэмпэратуру і вялікі боль галавы церпячы, ахвяравалася да гэтага цудоўнага абраза ў Барунах. Таксама і я, будучы слабага здароўя, паехаў разам зь ёй на тое сьвятое месца. Тут атрымалі мы жаданыя ласкі, бо вярнуліся дадому здаровымі.” Феліцыян Скарабагаты, пісар гарадзкі троцкі.

“Я, Аляксандар Уняхоўскі, судзьдзя земскі ваяводзтва Менскага сьведчу, што ў годзе 1695, месяца лютага, 24 дня, будучы цяжка паранены, так, што аж да сьмерці блізка быў, калі ў гнойнай ране ў галаве пачаў гуз расьці, хутка ахвяраваўся на цудоўнае месца да абраза Панны Найсьвяцейшай у Баруны. Адразу ж адчуў паляпшэньне здароўя і гуз гэты зьгінуў, за што Богу ў Тройцы Сьвятой Адзінаму дзякуючы, вотум учынены спаўняю і за атрыманы цуд Маці Найсьвяцейшую ў гэтым абразе цудоўным ведаю і Ёй пашану аддаю. – Idem qui supra mp.p.”***

Гэтыя апісаныя вышэй цудоўныя здарэньні, якія мелі месца ў Барунах, зьяўляюцца толькі малой часткай усіх тых цудаў, якія Барунскай Пані ўчыніла для сваіх верных. Весткі аб цудоўным абразе распаўсюджваліся ўсё далей. Паглыблялася вера мясцовага люду, бо адбываліся тут незвычайныя і нечуваныя рэчы: выздараўлівалі безнадзейна хворыя, навярталіся закаранелыя грэшнікі і недавяркі. Найчасьцей, саромеючыся, яны не прыходзілі запісваць зьведаных цудаў. Аднак, найлепшым сьведчаньнем цуду ёсьць трывалая паправа жыцьця.

У Барунах дзейнічае невымоўная і невытлумачальная Божая Ласка і Моц. Пустка, якая нават ня мела назвы, з кожным днём разрастаецца і ажывае. Бедны чалавек бяз сродкаў на жыцьцё будуе касьцёл і яму хапае на гэта грошай. Людзі з усіх бакоў сьвету бесьперапынна, увесь год сыходзяцца да гэтага месца і адыходзяць шчасьлівымі…
***
Апісаньне касьцёла.

Касьцёл і кляштар базыліянаў.

Сьвятыня і кляштар былі заснаваныя ў 1691г. мясцовым шляхціцам Мікалаем Песьлякам. Існуючы ў цяперашні час барочны мураваны касьцёл і будынак кляштару ўзьведзены ў 1747-1757г.г. па праекту архітэктара А.Асікевіча. Касьцёл сьв.Пятра і Паўла зьяўляецца трохнефавай базылікай зь незвычайна прыгожым фасадам у стылю віленскага барока, выпуклым у цэнтральнай частцы. Аздабляюць яго пілястры, прафіляваныя карнізы і высокі шчыт. Над упрыгожаным парталам разьмешчана вялікае акно. Каля шчытоў бакавых нефаў месьцяцца ўсталяваныя пад вуглом да фасаду дзьве вежы. Стройная трох’ярусная левая вежа накрытая барочным купалам. Яе фасад аздабляюць кутнія пілястры, карнізы і плоскія нішы. Найкаштоўнейшымі элемэнтамі ўнутранага аздабленьня зьяўляюцца мармуровыя алтары – галоўны і бакавы, з калёнамі, скульптурамі, разьбой, а таксама амбон са штучнага мармуру, выкананы ў стылі ракако.

У касьцёле знаходзіцца вядомы шматлікімі ласкамі абраз Маці Божай Барунскай, наведваньне якога зьяўляецца мэтай шматлікіх пілігрымаў. Унутры храма таксама можна ўзяць вады з крынічкі, якая, па словах вернікаў, мае лячэбную сілу. Побач з касьцёлам разьмешчаны кляштарны корпус, узьведзены ў 1778 – 1793 г.г. і перабудаваны напрыканцы ХІХ ст. у нэаклясычным стылі. Гэта двухпавярховы будынак, Т-падобны ў пляне. Перад храмам разьмешчана невялічкая двух’ярусная каплічка, збудаваная ў другой палове XVIII ст., накрытая невялікім цыліндрычным шмат’ярусным купалам і абнесеная мураванай агароджаю з брамай.

* Мястэчка, якое месьціцца за 35 км ад Ашмянаў. Калісьці гэта была сталіца князя Трабуса.
** Сьведчу пад прысягай
*** Той самы, што вышэй рукой уласнай…

Аўтар: кс.Люцыян Дамброўскі
Фота: кс.Алег Пятрашка
Перакладчык: Дарыя Дамброўская
кс. Алег Пятрашка

пятница, 5 февраля 2010 г.

Беларуская Царква

Малюнак ЖЖ-сябра kabierac
Прыгожа...
Да таго ж заўважана, што прагляд гэтай карціны натхняе вернікаў розных хрысьціянскіх канфэсыяў на вядзеньне канструктыўнага экумэнічнага дыялёгу... :)

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бернардынак

Пабудаваны ў 1687 годзе, у 1746г. рэканструяваны. З 1870г. тут размяшчаўся праваслаўны Свята-Духаў мужчынскі кляштар. Пасля ІІ сусветнай вайны і да сённяшняга часу ў будынку дзейнічае катэдральны праваслаўны сабор Святога Духа і ўстановы праваслаўнай епархіі.
***
Інфармацыя ўзятая з каталіцкага календара.

Гісторыкі і праграмісты

Ужо даўна заўважыла, што мне цяжэй за ўсё паразумецца зь гісторыкамі і з праграмістамі. Бо яшчэ ніводзін зь іх ніколі ня даў мне канкрэтнага і недвухсэнсавага адказу на зададзенае пытаньне, прычым, нават незалежна ад таго, па спэцыяльнасьці тое пытаньне было, ці не… Але, менавіта гэтыя людзі часьцей за ўсё сустракаюцца мне на жыцьцёвым шляху… Асабліва – гісторыкі… Часам мне здаецца, што іх у нас нашмат больш, чым бугальтараў… Да… Няма ў жыцьці ні гармоніі, ні балянсу…

четверг, 4 февраля 2010 г.

Грамнічны кужаль

У каталіцкай традыцыі некаторых краінаў Заходняй Эўропы існуе звычай асьвячэньня на Грамніцы ня толькі сьвечак, але і кужалю - як сымбалю пялюшак Езуса Хрыста, ў якіх Яго прынесьлі да храму. У старажытным трапары Заходняй Царквы сьпявалася: “Да пялюшак немаўляці Сябе зьменшыў...” Гэтыя пялюшкі лічыліся адной з адзнак пакоры Есуса Хрыста.

Асьвечаны на сьвята Грамніц кужаль, як сымбаль пакоры нашага Пана, ужо ад старажытнасьці ўшываўся ў рызы каталіцкіх сьвятароў і манахаў, як напамін аб пакоры і самаахвярнасьці. Першыя дакладныя зьвесткі аб гэтай традыцыі знаходзяцца ў італійскай літургічнай літаратуры ХІ стагодзьдзя, у разьдзеле, дзе апісваецца працэс вырабленьня літургічных рызаў для касьцельнай герархіі.

У далейшым, ад прывілею выключна касьцельнага кліру, асьвечаны на сьвята Грамніц кужаль уваходзіць у агульны ўжытак. Пачынаецца асьвячэньня кужалю і для шараговых вернікаў, як сымбалю прыналежнасьці да статку Хрыстовага. У Нямеччыне і Францыі ў ХIV-XVIII ст.ст. з кужалю шылі своеасаблівыя мяшэчкі. У іх укладалі каталіцкія рэліквіі - часткі мошчаў сьвятых, абразкі і г.д., і насілі на шыі побач зь нацельным крыжам. Таксама ў кужаль загортвалі хворых і чыталі над імі малітвы.

У Італіі традыцыя асьвячэньня кужалю перайшла часткова і ў Царкву Ўсходняга абраду (Грота-Фэрацкая традыцыя), але шырокага распаўсюджваньня не атрымала.

У Беларусі кужалем называецца і часаны лён, і тонкая тканіна, вытканая зь ільняных нітак.
Літургічнае аблачэньне сьвятара пачынаецца з падрызьніка, які шыецца з тонкай ільняной тканіны. І аснова рызаў, на якія ўсё нашывалася – таксама складае такая ж тканіна, толькі, можа, больш шчыльная.
А манахі насілі падрасьнікі з грубага, жорсткага палатна. Але, у абодвух выпадках, для шыцьця выкарыстоўвалі пераважна ільняную тканіну.
***
Вялікі дзякуй айцу Сяргею (БАПЦ) за прадастаўленую інфармацыю :)
***
Аказваецца, у Менску існуюць такія ж каталіцкія традыцыі, як і ў Заходняй Эўропе... :)

А што трэба адказваць?,,,

Гэта было якраз на Грамніцы. Ксёндз удзяляе вернікам сьвятую Камунію. Людзі стаяць на каленях у два шэрагі. Сьвятар ужо падыходзіць да мужчыны, які стаіць побач са мной, і я чую найцудоўнейшыя ў сьвеце словы:
- Цела Хрыста.
- Амэн.
У гэты момант жанчына, якая стаіць з другога боку, пытаецца ў мяне:
- А што трэба адказваць сьвятару?
,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,
Натуральна, я нічога не пасьпяваю ёй сказаць, але сама сабе потым думаю: напэўна, чалавек ніколі не спавядаўся і не вывучаў катэхізіс, калі задае такія пытаньні…
Жанчына “пасьпяхова” прымае Камунію, а я вырашаю падысьці да яе пасьля заканчэньня Імшы і запытацца пра споведзь. Але, пасьля Імшы яна так шчыра, прыгожа і горача моліцца ля алтара, што я не наважваюся парушыць усю гэтую цудоўную гармонію і вырашаю, што Пан Бог сам ва ўсім разьбярэцца…

А як бы паступілі Вы, будучы на маім месцы? :)

вторник, 2 февраля 2010 г.

Толькі для сапраўдных літвінаў !!! :)

Прыгожая мэлёдыя ад ЖЖ-сябра eiden_dark
Я ўжо сыграла некалькі разоў...
Зьвярніце ўвагу на прозьвішча кампазытара!
ЛИТОВКО... :)

понедельник, 1 февраля 2010 г.

Санктуарыум Маці Божай Барунскай. Частка ІV

Аблічча Маці, слыннае цудамі.

Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці пры Яе абразе ў Барунах, распаўсюджваліся ўсё далей. Натоўпы верных пачалі прыбываць у Баруны, а ласкі, якія тут спазналі набожныя вернікі, ўзбуджалі сярод людзей набожнасьць і веру. Адкрыта гаварылі аб цудоўных выздараўленьнях ад цяжкіх і невылечных хваробаў.

9 ліпеня 1692г. Гэлена Петравічова з глыбокай верай і надзеяй даверыла Найсьвяцейшай Маці дачку свайго падданага, Кацярыну, якая з нараджэньня была кульгавай і нямой.Не расчаравалася. Калека пачала гаварыць і хадзіць, а свае першыя крокі прагнула скіраваць да Маткі Барунскай, каб Ёй падзякаваць за гэты цуд.

Юры Сташэўскі, а таксама Юры Пагарэльскі зь Менскага ваяводзтва доўга і цяжка хварэлі. Дактары не маглі ня ў чым ім дапамагчы. У жніўні 1692г. скіраваліся з просьбай, каб вярнуць здароўе, да Панны Прачыстай у Барунах, і тут жа былі выслуханыя. Пад канец жніўня гэтага самага году Клемэнс Коўшы з Ганцавічаў, якія належалі Тамашу Цэдроўскаму зь Менскага ваяводзтва, зьвярнуўся за дапамогай да Паненкі, бо праз цэлы год ня меў сілы ў правай руцэ. Падобна Міхал Яцэвіч з маёнтку Сэрвэч Ашмянскага павету доўгі час быў сьляпы, і Кшыштаф Казловіч, які быў ужо блізка сьмерці, прывезеныя да абраза Паненкі зь Дзіцяткам, здабылі здароўе, і зь вялікай радасьцю вярнуліся да сваіх блізкіх.

3 лістапада 1692г. малады хлопец Ян Паўлюковіч, з маёнтка, які належаў Хрэбтовічам, першы раз сеў на неаб’ежджанага каня. Разьюшаная жывёліна скінула свайго наезьніка, але яго нага заблыталася ў стрэмені. Конь цягнуў беднага юнака па полі і лесе. Яго спалоханыя бацькі, бачачы, што адбываецца, пачалі зь вераю прасіць Маці Божую Барунскую аб ратунку. Конь раптоўна спыніўся, а моцна пакалечаны хлопец у хуткім часе выздаравеў.

Юры Шурпіцкі са Смаргоні таксама ў лістападзе таго самага году, цяжка хварэючы, пасьля малітвы да Найсьвяцейшай Панны Барунскай раптоўна выздаравеў.

У сьнежні 1692г. Зофія Юзэфовічава з Ракава з-за моцнага галаўнога болю страціла зрок. Двухгадовы Янка, сынок Мар’яны Юркавай, быў невідушчым ад нараджэньня. Падобна Мар’яна Саломава з Забярэзьзя таксама была сьляпой. Пасьля шчырай малітвы саміх хворых, а таксама іх акружэньня, усе гэтыя асобы сталі бачыць. Працерлі яны вочы хусткай, якой спачатку дакрануліся да цудоўнага абраза.

У той самы месяц і год цудоўным чынам паправіліся Якуб і Мар’яна Міжыеўскія. Паміралі яны ад вельмі высокай тэмпэратуры. Таксама Канстанцыя Граніцкая, якая месяц не магла стаць на ногі, у Барунах адшукала здароўе.

У 1963г. трое сьмяротна хворых дзяцей Ваўжынца Янушэвіча з маёнтку Масевіча, ахвяраваныя Маці ў Барунах, у гэтую ж хвіліну паправіліся. Ян Грыневіч з вёскі Нарушэвічы, які быў невідушчы, і васьмігадовая дзяўчынка з маёнтку Міхала Сьвяцкага, таксама невідушчая, пасьля гарачай малітвы сталі бачыць.

Некаторыя адораныя ласкамі Пані з Барунаў самі запісалі свае сьведчаньні:

“Я, ніжэй падпісаўшыся, сьцьвярджаю, што маючы нязносны боль у правым воку, ахвяраваў вотум (дар) на сьвятое месца ў Баруны. І ў гэты момант, дзякуючы ласцы гэтай найцудоўнейшай Маткі, боль так пачаў выходзіць з маёй галавы, што я сам адчуў гэта. Выздаравеўшы і прыбыўшы да Сьвятога Касьцёла, дзякуючы Пану Богу і Яго Матцы, гэты цуд уласнай рукой падпісваю. Стэфан – Ян Сьлізень, пісар земскі ашмянскі, сакратар Яго Каралеўскай Мосьці. 31.01.1693г.” *

Вельмі часта былі занатаваныя цуды, атрыманыя пры малых абразках Маці Божай Барунскай. Такі цуд спазнала Багданава Старасельская, падстоліна віцебская. Яе цела было пакрытае пухлінай. Як толькі яна памалілася перад абразом, які атрымала ад ваяводы падляскага Браніцкага, пухліна сышла. Маці Барунская дапамагала сваім вернікам ня толькі перад сваім цудоўным абразом. Дастаткова, што зьвернесься да яе са сваёй просьбай аб дапамозе і аддасі Ёй паклон, а ніколі цябе ў патрэбе не пакіне. У яе выяве схаваная вялікая сіла Суцяшэньня Засмучаных. Сваімі ласкамі Маці Божая Барунская сягнула далёка паза Баруны. Пэўны шляхціц і католік, жыхар Смаленску, крануты “агульнай слабасьцю” і маючы на галаве каўтун**, якім адстрашваў ад сябе людзей, прыбывае з жонкай у Баруны. Песьляк абрэзаў яму каўтун, і ўсе разам пачалі горача маліцца да Маці, якая тут валадарыць. Хворы адразу паправіўся. У зваротнай дарозе шляхціц затрымаўся ў Чавусах у гаспадыні Агаты. Калі застаў яе хворай, адразу зразумеў, хто ёй можа дапамагчы. Аднак неразважлівая гаспадыня адмовілася ад дапамогі, а яе сыны так абурыліся на шляхціца, што пачалі блюзьнерыць і гаварыць супраць Бога. Раптоўна, калі ўсё пайшлі, а пры хворай засталася толькі ўнучка, у хату ўвайшлі дзьве прыгожа ўбраныя паненкі са сьвечкамі ў рукох. А за імі ўвайшла Найсьвяцейшая Пані, убраная ў зьнішчаную, падзёртую сукенку. Яна прамовіла аксамітным гоасам:

“Чаму ня слухаеш шляхціца? Чаму ня хочаш прыйсьці да Мяне? Паглядзі, як твае сыны парвалі маю сукенку. Дапільнуй, каб паправілі, бо іначай будуць пакараныя.”

Агата ў адну хвіліну зразумела, кім была тая цудоўная Пані. Хацела кінуцца да Яе ног, але ня мела на гэта сілаў. Аднак Маці Барунская заўважыла яе шчырую скруху і вярнула ёй здароўе, каб тая магла выбрацца зь пілігрымкай у Баруны, нягледзячы на тое, што яе сыны былі супраць. Агата не ўзяла з сабой ежы, і склала шлюбы, што ні ад кога ня возьме міласьціны і ні да кога не адзавецца. Пасьля доўгай і цяжкай дарогі, якую прайшла, Агата засьведчыла, што была ў яе Пані з абраза. Нягледзячы на тое, што гэтая бедная жанчына прайшла вельмі доўгую і вычарпальную дарогу з Чавусаў да Барунаў, яна не адчувала стомленасьці і адразу прыступіла да сакрамантаў Сьвятога Хросту, а таксама Першай Сьвятой Камуніі, прымаючы тым самым каталіцкую веру. Вестка аб цудоўным выздараўленьні Агаты хутка разышлася па Чавусах.

*Мора Ласкаў. Цытата, стар.32-33

**У тыя часы лічылася, што каўтун зьяўляецца знакам апантанасьці чалавека нячыстымі духамі.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ!


Малюнкі ЖЖ-сябра jan_no :)