
Учора езьдзіла я ў Смаргонь. Выбралася з хаты так, каб пасьпець на імшу на 18 гадзінаў у тамтэйшым касьцёле, а заадно там жа і паспавядацца. Спачатку даехала электрычкай да Маладэчна, а там перасела на дызэль, які ідзе да Гудагаю. Выйшла на станцыі ў Смаргоні, агледзелася - а касьцёла нідзе і не відаць. Я тады спытала ў мясцовай кабеты, як мне да яго дабрацца. Кабета, убачыўшы мяне, вельмі ўзрадвалася, бо падумала, што я манашка :) Аказалася, што іхнюю сястру Агату пераводзяць у Ліду, а на ейнае месца мусіць прыехаць іншая сястра. Вось


кабета і прыняла мяне за яе :)


Да касьцёла мы паехалі на аўтобусе. Спадарыня (яе завуць Франя, альбо Франьцішка) вырашыла набыць мне ў якасьці падарунка квіток :) і нізавошта не пажадала ўзяць за яго грошы. Вось такія файныя людзі жывуць у Беларусі :)


Смаргонскі касьцёл цяпер зачынены на рамонт, таму набажэнствы адбываюцца ў Каталіцкім моладзевым цэнтры (араторыі), які ўражвае і сваімі памерамі, і абсталяваньнем.
У парафіі служаць айцы Салезіяне Дона Боско - кс. Аляксандар Мятліцкі і кс. Зьдзіслаў Вэдэр.
Айцец Аляксандар родам з Барунаў. Але пра гэта я даведалася толькі сёньня. А ўчора я ў яго паспавядалася і ў якасьці навукі пачула вельмі неабходныя для мяне словы. І да мяне нават тое-сёе дайшло... :) (Менавіта тое, што доўгі час чамусьці не даходзіла).
Я ведаю, гэта Панна прывяла мяне ўчора ў Смаргонь. А пачыналася ўсё 29 чэрвеня менавіта з Барунаў...
***
На 1-м, 2-м, 3-м і 5-м фотаздымках - Смаргонскі касьцёл сьв. Арханёла Міхала ў рыштаваньнях.
На 4-м фотаздымку - вялікі Крыж і маленькі Ленін.
На 6-м і 7-м фотаздымках - Моладзевы цэнтр знутры і звонку.
Комментариев нет:
Отправить комментарий