пятница, 31 июля 2009 г.

Каталіцкія рухі

Учора ўвечары прадстаўнікі Легіёну Найсьвяцейшай Панны Марыі, руху "Сьвятло-Жыцьцё" (Каштоўная Пэрліна) ды Трэцяга Франьцішканскага Закону сабраліся ўсе разам у Чырвоным Касьцёле і пасьля Сьвятой Імшы ды малітвы пайшлі на Плошчу прапаведаваць ды навяртаць да Бога моладзь, якая там зьбіраецца. Прычым, гэтая сустрэча не была запланаванаю, а ўсё неяк само сабой атрымалася... Большасьць сустрэтых намі цудоўных маладых людзей былі непрактыкуючымі праваслаўнымі хрысьціянамі, але яны зь цікавасьцю нас слухалі, задавалі пытаньні, распавядалі пра свае жыцьцёвыя праблемы, цікавіліся жыцьцём Касьцёла. Праўда, былі і тыя, хто не хацеў з намі размаўляць. І нават тыя, хто выказваў сваю пагарду да каталікоў у даволі зьняважлівай форме, але такіх, дзякуй Богу, было меньшасьць. А адна нашая рамантычна настроеная паненка з “Каштоўнай Пэрліны” падыходзіла менавіта да закаханых парачак, якіх сабралася вельмі шмат ля фантана, дарыла ім буклеты аб сямейным жыцьці па-хрысьціянску, і жадала ім шчасьця ды сапраўднай любові. Варта было бачыць, якою радасьцю сьвяціліся іхныя твары… (не ад буклетаў, натуральна, але ад каханьня :) Вось такую цудоўную справу рабілі мы ўчора…

Праўда, адзін каталіцкі сьвятар, які піша ў “Нашай Ніве” пад нікам Asinus, напісаў там, што “…ў пэўным сэнсе касцёльныя рухі (пра якія я тут кажу) таксама маргінальныя (як і БНФ, МФ, БХД і г.д), і не так усё з імі проста…” Але ж прадстаўнікі гэтых рухаў, за выключэньнем мяне, напэўна і не здагадваюцца аб сваёй “маргінальнасьці”, бо ім няма калі лазіць па сеціву ды сядзець на форумах. Гэта толькі я зараз маю няшмат бухгальтарскай працы, таму і сяджу тут сіднем… :) А ўсе астатнія амаль увесь свой вольны час прысьвячаюць працы ў Касьцёле.

А вось тут ужо зьявілася парачка камэнтароў на гэтую тэму:

http://community.livejournal.com/catholic_by/188395.html

вторник, 28 июля 2009 г.

Каталікі ў дзеяньні

http://community.livejournal.com/catholic_by/186263.html

воскресенье, 26 июля 2009 г.

Дождж

Дождж ліе ўсё мацней ды мацней...
А можа гэта Панна плача з-за нашых грахоў?..
Панна, скажы, чым нам суцешыць Цябе?
Як асушыць Твае сьлёзы?..

воскресенье, 19 июля 2009 г.

Дзень Нараджэньня :)

Сёньня TUT.BY павіншавала мяне з Днём Нараджэньня вось такою паштоўкаю :) Прыемна...

Гудагай (працяг працягу:)

Ледзьве не забылася пра самае галоўнае напісаць. Там жа яшчэ кірмаш быў, і я набыла сабе зялёна-блакітны паветраны шарык на доўгай вяровачцы. Ну, такі, які сам у неба ляціць, калі яго з рук выпусьціш. Павадзіла я гэтага шарыка за сабой, пашпацыравала зь ім туды-сюды. І столькі шчасьця ён мне прынёс... Потым я ўручыла яго маленькай дзяўчынцы. А дзяўчынка выпусьціла шарыка на волю. Ну а шарык усьміхнуўся нам прыблізна вось так :), памахаў доўгай чырвонай вяровачкай, і зьнік у блакітных нябёсах... :) А з намі засталася сьветлая радасьць і незабыўныя ўражаньні ад сьвята... :)

Пілігрымка ў Гудагай (працяг)

Учора як толькі я выйшла зь цягніка ў Гудагаі, да мяне адразу ж зьляцеліся з усіх бакоў мытнікі ды памежнікі. Яны пачалі вывучаць мой пашпарт ды распытваць, што я зьбіраюся рабіць у Гудагаі, маючы менскую прапіску... :) Неўзабаве высьветлілася, што яны нічога ня ведаюць ні пра фэст, ні пра касьцёл... Памежнікі запатрабавалі ў мяне адмысловую паперу -
дазвол на знаходжаньне ў памежнай зоне. А я ж пра яе ніколі нават і ня чула... Сказалі, што такая папера каштуе 6 тысячаў, і яе можна набыць у любым аддзяленьні Беларусьбанку. Але, дзякуй Богу, на першы раз мне дазволілі прайсьці ў "зону" безь яе.

Ад станцыі да касьцёла трэба ісьці пешшу каля 7 кілямэтраў. Але адна мясцовая кабета, якая таксама сьпяшалася ў касьцёл, спыніла на трасе машыну, кіроўца якой аказаўся вельмі прыемным маладым чалавекам. Спадарыня спачатку запіхнула ў машыну мяне, потым улезла сама, і мы пасьпяхова дабраліся да касьцёла.

А назад я вярталася пешшу. Ішла ўздоўж шашы больш за паўтары гадзіны і, напэўна, ўлезла ў нейкую атрутную траву і вельмі моцна паапякала сабе ногі. Дык зараз правая нага зрабілася ўся ярка-чырвоная і гарыць так, нібыта я ўступіла ёй у пекла. І тэмпература ў мяне паднялася... Вось такая пакутная пілігрымка атрымалася...

Пілігрымка ў Гудагай да Маці Божай Шкаплернай

На 1-м фотаздымку - цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай.

На 2-м, 5-м і 8-м - касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі.

На 3-м - старыя гудагайскія могілкі.

На 4-м, 6-м і 7-м - убранства касьцёла.

На 9-м - закінутая хацінка выглядвае з-за новага, пафарбаванага плоту.

На 10-м - у Гудагаі абразЫ ўпрыгожваюць хаты ня толькі ўнутры, але і звонку.

На 11-м - прыдарожны крыж.

На 12-м - навакольныя краявіды.


четверг, 16 июля 2009 г.

Уручча

Гэты крыж стаіць на высокім пагорку непадалёку ад станцыі мэтро Ўручча. Яшчэ ўвесну па вечарох (прыблізна а 19-30) вакол яго зьбіралася даволі шмат вернікаў. Людзі маліліся і сьпявалі прысьвечаныя Паньне Марыі песьні. Але сёньня там чамусьці нікога, акрамя мяне, не было.

А побач з крыжам знаходзяцца могілкі: адны - для людзей, а другія - для іхніх улюбёных коцікаў ды сабачак.

Я калі ў першы раз усё гэта пабачыла, дык мне ажно млосна зрабілася... Мы тады ехалі ў машыне і якраз размаўлялі пра гэты крыж. А мне вельмі захацелася на яго паглядзець. Дык мяне высадзілі і патлумачылі, куды трэба ісьці. Але ж пра сабачыя могілкі ніхто нават і ня ўспомніў. А ў той дзень яшчэ надвор'е такое жахлівае было... Ну, я паднялася на гару, а там нікога... Толькі самотны крыж мокне пад дажджом, побач - могілкі, а па-за могілкаваю агароджаю ледзьве ні пад кожным дрэўцам таксама маленькія магілы, упрыгожаныя каменьчыкамі ды штучнымі кветкамі, прытуліліся... Вось я і падумала, што гэта мо' людзям па якой-небудзь прычыне мейсца на "сапраўдных" могілках не знайшлося. Таму іх і пахавалі па-за агароджаю... Але неўзабаве я ўжо разгледзела, што да чаго... :)
***
На першых трох здымках - Крыж, на месцы якога калі-небудзь мо' будзе пабудаваны касьцёл.
На трох апошніх здымках - так у нас хаваюць сабачак ды коцікаў... Даволі жудаснае відовішча, як на мой погляд... :(
***
Ну вось, патэлефанавала я сваёй знаёмай, якая ва Ўруччы жыве, і яна мне сказала, штя ля крыжа ўжо даўна ніхто не зьбіраецца. Мабыць людзі пазьяжджалі на лета ў вёскі ды на дачы. А самотны Крыж стаіць на высокім узгорку ды з надзеяй паглядае на дарогу, спадзеючыся, што можа хоць хто-небудзь да яго гэтым вечарам прыйдзе...

Пакліканьне

Пане, што я мушу сёньня зрабіць?
Трымай мяне за руку.
Вядзі мяне той дарогай, якую Ты сам мне прадвызначыў.
Дапамажы мне выконваць Тваю волю.
Пане, ты ўсё ведаеш.
І толькі Ты зьяўляешся праўдзівым Сьвятлом і слушнай Дарогай.
Умацуй маю Веру, Надзею і Любоў.
Спашлі Твой спакой - і я ўпэўнена пайду за Табою.
Амэн.

воскресенье, 12 июля 2009 г.

Вечар у Батанічным садзе









Ружанец

Я амаль заўсёды, калі іду куды-небудзь пешшу (ці нават еду ў транспарце), дык малюся "на хаду" Ружанец, альбо іншыя малітвы-разважаньні. Дзеля гэтага трымаю ў руках маленечкі драўляны ружаньчык, які складаецца з крыжыка і 10 пацерак, альбо "кручу" свой ружанцовы пярсьцёнак. Карацей кажучы, стараюся маліцца так, каб гэта нікому асабліва ня кідалася ў вочы. Але апошнім часам я ўсё часьцей пачала задумвацца: а ад каго ды ад чаго я хаваюся? І каго, ці чаго я баюся? Мы ж жывем у хрысьціянскай краіне. Але ж нашая хрысьціянская прысутнасьць у Менску ня надта й заўважная... Ну, добра, што браты-манахі, сёстры-манашкі ды некаторыя сьвятары ходзяць у габітах, і людзям ёсьць да каго зьвярнуцца. Але ж мы, тэрцыярыі, нічым не вылучаемся з агульнай масы людзей. Я дык толькі паясок адпаведны нашу. І ўсё...

Вось ішла я так сёньня пасьля вечаровай імшы па праспэкту, разважала сама з сабою, а потым дастала з торбачкі нармальны, клясычнай велічыні ружанец, які складаецца зь 5 частак, і пачала на ім маліцца (ня ўслых, натуральна, а пра сябе :). Людзі, канечне, зьвярталі на мяне ўвагу і імкнуліся разгледзець, што я трымаю ў руках. Але Панна Марыя падтрымала мяне, і дапамагла мне вытрываць да канца малітвы. Я цяпер заўсёды буду так маліцца . І спадзяюся, што Ружанцовая Панна Марыя мне абавязкова ў гэтым дапаможа :)

***
На здымку: Вось такі агромісты ружанец вісіць на сьцяне Барунскага касьцёла.

суббота, 11 июля 2009 г.

Працэс пайшоў... :)

Ну вось... У дадатак да БэХаДэшнай сьцяны ў Менску ўжо зьявілася і БэХаДэшная трансфарматарная будка :) з сабакам "у кветачку", казачнай жар-птушкай і сонечным паветраным шарам.

А ў цэнтры мастацкай кампазыцыі вы можаце ўбачыць нашага будучага Прэзыдэнта і ягоную будучую жонку (прынамсі я так мяркую, што гэта яны... :)

***
А мне вельмі хацеся б быць вунь той шчасьліваю дзеўкай, якая ўзьнялася разам з жар-птушкаю ў неба, каб палюбавацца адтуль найпрыгажэйшай у сьвеце Краінай... :)


Сьвяты Франьцішак і мы


Сьвяты Франьцішак быў вельмі падобны на Пана Езуса. І людзі, якія чулі ягоныя пропаведзі і бачылі ўчыненыя ім цуды, думалі, што на Зямлю ізноў прыйшоў Ісус Хрыстос. А ўсе стварэньні слухаліся яго, нібыта свайго Творцу.

Натхнёны Сьвятым Духам, ён размаўляў з птушкамі. Ён казаў ім, што Пан Бог зрабіў для іх шмат дабра, і што ім трэба хваліць за гэта Пана. А птушкі ўважліва слухалі яго і славілі Творцу сваімі цудоўнымі сьпевамі.

Ён прапаведаваў марскім рыбам, і тыя падплывалі бліжэй да берага, каб паслухаць ягоную казань.

Аднойчы, стоячы ў чоўне, сьв.Франьцішак прапаведаваў людзям, якіх сабралася на беразе вельмі шмат. Човен сам адплыў ад берага на патрэбную адлегласьць і там спыніўся. А калі Франьцішак скончыў прамаўляць, човен самастойна вярнуўся назад. Бо і мора ўважала сьв.Франьцішка за свайго найлепшага сябра, і імкнулася ва ўсім спрыяць яму.

Ён сумеў унушыць Любоў злоснаму, драпежнаму воўку, ад адной толькі згадкі аб якім дрыжэлі жыхары некалькіх гарадоў, бо воўк не шкадаваў ні іхнюю жывёлу, ні іх саміх, ні іхніх дзяцей. І тому, хто трапляўся ваўку на вочы, ўжо не было выратаваньня. Але пасьля размовы са сьв. Франьцішкам воўк цалкам перамяніўся. Бо насамрэч ён быў вельмі добрым, і лагодным, а злым яго зрабіла людзкая нянавісьць ды боязьнь. І неўзабаве абсалютна ручны ды рахманы воўк стаў хадзіць да гараджанаў у госьці. А тыя з радасьцю яго прымалі і частавалі найлепшымі стравамі. Ну а воўк, каб адзьдзячыць ім за сардэчнасьць і гасьціннасьць, няньчыў іхніх маленькіх дзетак, і нават вазіў іх у сябе на сьпіне :)

Сьв.Франьцішак быў сапраўдным Рыцарам. А ягонай Дамай была Спадарыня Беднасьць. Аднойчы ён вельмі дрэнна пачуваўся. Для аздараўленьня яму быў неабходны глыток віна. Але манахі жылі вельмі бедна, і акрамя вады ў іх на той момант нічога не было. Яны прынесьлі сьв. Франьцішку кубак з вадой, а ён дабраславіў яго крыжам, і вада ператварылася ў віно. Пакаштаваўшы яго, сьв.Франьцішак адразу выздаравеў.

Калі сьв.Франьцішак выправіўся ў Крыжовы паход, яго не хацелі браць на карабель, бо ён нічога пры сабе ня меў. Але Пан Бог накіраваў да яго чалавека, які прынёс сьв.Франьцішку кошык зь ежай. Неўзабаве на моры пачаўся шторм, і карабель некалькі тыдняў ня мог прыстаць да берага. Усе харчовыя запасы скончыліся, і тады дасталі кошык сьв.Франьцішка. І колькі б людзі зь яго ні елі, ежа зьяўлялася ў ім зноў і зноў. І так працягвалася ажно да завяршэньня іхняга падарожжа.

Аднойчы ўначы сьв. Франьцішак і яшчэ адзін брат-манах, разам зь якім ён вандраваў, зьбіліся з дарогі, заблудзіліся і апынуліся ў пякельнай цемры пасярод непраходных балотаў ды непралазных зарасьнікаў. Брат вельмі спалохаўся і пачаў прасіць сьв. Франьцішка, каб той маліўся да Пана Бога і прасіў аб выратаваньні. А сьв. Франьцішак сказаў: "Пан Бог Моцны і Ўсемагутны! Ён сапраўды можа разагнаць цемру!" Адразу ж зьявілася сьвятло, і браты знайшлі дарогу.

***
Той, хто ідзе за Сьвятлом Хрыста, зьяўляецца такім жа Сьвятлом, якім быў сьв. Франьцішак. Такога чалавека будуць слухаюцца ўсе Божыя стварэньні. А Пан Бог заўсёды выслухае ўсе ягоныя просьбы. І нават у самай найвялікшай беднасьці дасьць яму ўсё неабходнае для жыцьця. Такім можа стаць кожны хрысьціянін...

вторник, 7 июля 2009 г.

Усіх праваслаўных хрысьціянаў віншую з Раством сьвятога Яна Хрысьціцеля!