Сяргею 35 год. Ён праваслаўны. Жыве ў вёсцы на Берасьцейшчыне. Распавёў мне жахлівую гісторыю аб тым, што нібыта ягоны дом і яшчэ некалькі вясковых дамоў стаяць на тым месцы, дзе калісьці знаходзіўся панскі маёнтак, і ўсе, хто там жыве, альбо заўчасна паміраюць, альбо пакутуюць ад вельмі цяжкіх і невылечных хваробаў. Таму людзі лічаць сваю зямлю праклятай... А ў яго самога ўжо памерла маці і тры родныя браты…
Сяргей зьбіраецца будаваць на сваім падворку невялічкую каплічку – каб асьвяціць зямлю. Ён зь вялікай павагай ставіцца да каталікоў і не разумее, як некаторыя праваслаўныя дазваляюць сабе крытыкаваць Папу Рымскага, дый у пытаньні аб filioque ён таксама на баку каталікоў :)
А некалькі гадоў таму Сяргей працаваў ў жаночым праваслаўным кляштары ў Расеі. Настаяцельніца кляштару – украінка, вельмі ўпадабала ягоную берасьцейска-паляшуцкую гаворку, якая так падобная да ўкраінскай мовы, і, з захапленьнем слухаючы, як ён размаўляе, ўяўляла, што знаходзіцца на Радзіме :)
Манашка тлумачыла яму, як важна адчуць сваё пакліканьне, і як важна адгукнуцца на яго. Яна распавядала пра сваё сьвецкае жыцьцё, у якім ніколі ня мела спакою і пастаянна хварэла. А як толькі апынулася ў кляштары – ўсе хваробы нібыта рукою зьняло, а ў душы пасяліліся ніколі раней не адчуваныя радасьць і ціша – і гэта ня гледзячы на вельмі цяжкую працу і суровыя ўмовы жыцьця…
***
Пане Божа, блаславі ўсіх Сержукоў, Сяргеяў і Сергіушаў, а таксама тых, хто за іх маліўся, а заадно і тых, хто тут прысутнічае… :)
Комментариев нет:
Отправить комментарий