суббота, 1 мая 2010 г.

Чаму за табой?



( Сьвяты Францішак і сьвятая Клара. Карціна Жузэфы Абідушскай)

Усявышні стварыў сьвятога Францішка паэтам у тым сэнсе, які укладвалі ў гэтае слова старажытныя грэкі, разумеўшыя паэзію як дзеяньне. Францішак любіў паэзію не як чытаньне, але як думку, як пачуцьце, як пакуту, як тое, што ўспышкамі азарае хуткаплыннасьць быцьця; ён любіў ня тую паэзію, якая застаецца на паперы, але тую, якой жывуць – працуючы, ахвяруючы, змагаючыся, паміраючы. Таму замест таго, каб сьпяваць песьні хвалы беднасьці, ён сам робіцца бедным; замест таго, каб усхваляць міласэрнасьць, ён даглядае пракажоных і замярзае ад холаду, аддаючы сваё адзеньне жабракам; замест таго, каб захапляцца кветкамі і птушкамі, гарамі і лясамі, ён проста жыве сярод іх і становіцца для іх сваім. Але, нават ператварыўшы сваё жыцьцё ў паэзію, ён не супакойваецца, бо сапраўдная паэзія невычарпальная і, не знаходзячы для сябе выйсьця толькі ў адным дзеяньні, пачынае шукаць іншых больш высокіх шляхоў. Але ж паэты, дзякуючы свайму боскаму неспакою, шукаюць ва ўсіх стварэньнях бясконцае і бясконца надрываюць сабе сэрца. Таму гасподзь прынёс Францішку яшчэ адзін бясцэнны дар. Ён улюбіў яго ў Сябе. Любоў да Бога прывяла сьвятога Францішка да поўнага насьледаваньня Хрыста, нябачанага, напэўна, ажно з часоў апосталаў.

Пасьля заручынаў са спадарыняй Беднасьцю слова “мой”, гэтае галоўнае слова ненасытнага жаданьня, высакамернага валоданьня і эгаістычнай любові, становіцца для брата Францішка не прыймальным ні да якой рэчы і ні да якой істоты; але і аб сабе ён ужо ніколі ня скажа “твой”, бо слова гэтае выражае крайнюю ступень самаадрачэньня.

Сьвяты Францішак любіць Боскія стварэньні ня толькі з багавейнасьцю верніка, але і з чыстай радасьцю эстэта, разумеючы, што прага валоданьня замінае сузіраць прыгажосьць.
Адсюль новая пропаведзь, якая запазычвае зьмест у жыцьця і мову ў народа; адсюль гімны, напісаныя на народнай мове і ўліўшыя ў старую веру новы струмень радасьці; адсюль зразумела, чаму такія непапулярныя ў сьвеце самаадрачэньне, пакаяньне, аскетызм паўстаюць цяпер у сваёй гераічнай прыгажосьці, увасабляючы дарагія сьвету ідэалы любові і рыцарства.

Любоў да Бога, стаўшая да сьвятога Францішка ўсім жыцьцём, дазваляла яму бачыць дабро ва ўсіх стварэньнях, бачыць мужных і надзейных сябровак у жанчынах, якія нават не былі яму сваячкамі. Гэтая любоў дазваляе яму стварыць Гімн брату Сонцу і выхаваць дзьвюх такіх падзьвіжніц духа, як сьвятая Клара і Джакаміна дэі Сатэсолі. Зь яго новай шчасьлівай канцэпцыі прыроды і жанчыны выйдуць два напрамкі ў літаратуры – народны “хвалебных песень” і арыстакратычны “салодкага новага стылю”; выйдзе новы жывапіс, прадстаўнікі якога (як Францішак сам мог пераканацца) пішуць укрыжаванага Хрыста з паміраючых, Хрыста немаўлятку – зь дзетак, Панну – зь дзяўчат і жанчын, сьвятых – з манахаў і простых вернікаў, Сьвятую Зямлю – з пэйзажу, які першым трапіў на вочы, а Рай – з квітнеючых травеньскіх садоў.

Любоў да Бога прымушае яго знаходзіць радасьць ва ўсім, асабліва ж у дасканалым цярпеньні, і прыводзіць яго да высновы, што жыцьцё цудоўнае. І тым больш цудоўнае, чым больш яно пакутлівае… (Пераклад з расейскай мовы)

Комментариев нет:

Отправить комментарий