“Для мяне жыцьцё зь Езусам – гэта, ў першую чаргу, клопат аб тым, каб іншыя людзі таксама маглі Яго сустрэць і каб ім было як мінімум так жа добра, як і мне. А рознага кшталту фармалістычны падыход да чалавека (мы – харошыя і добрапрыстойныя, а яны – быдла) мяне заўсёды адштурхоўваў. Я проста аднойчы выбрала, што я – быдла, ім і застаюся да гэтага часу. У большасьці людзей, якіх я тут сустракаю, ёсьць цудоўная рыса – яны ніколі не прытвараюцца. Яны добра ведаюць, хто яны такія: грэшнікі, алькаголікі, бамжы (прычым, бамжы часьцей за ўсё па сваёй віне). Яны ўсьведамляюць, што іхняе жыцьцё не ўдалося, і мне вельмі балюча, што гэтыя людзі ня могуць ўбачыць у касьцёле міласэрнасьці Хрыста, бо яе там так мала праяўляюць. Так, часам яны паводзяць сябе вельмі дрэнна. Але давайце паглядзім, як паводзяць сябе касьцельныя людзі. Частка так званых добрапрыстойных каталікоў паступае ня менш амаральна, але, магчыма, ім “шанцуе”, бо яны людзі “цёртыя” і ўмеюць зрабіць так, каб ніхто нічога не заўважыў. Альбо яны настолькі “ўгразьлі” у ілжы, што ўжо ня маюць сілаў прызнацца ў гэтым нават самім сабе. Таму, калі Гасподзь церпіць нас такімі, якімі мы ёсьць, то і мы, учапіўшыся за Яго, мусім быць цярплівымі з гэтымі людзьмі.
Я веру ў сьвятло ў чалавеку. Веру, што ў кожным чалавеку зьзяе сьвятло Ўваскрасеньня, і Хрыстос упарта прабіваецца праз наш змрок. Для мяне вельмі важны фрагмэнт Эвангельля, дзе Езус кажа: ”Я быў галодны, і вы далі мне есьці”. Ён не пытаецца гэтых людзей, веруючыя яны, ці не, Ён не пытаецца ў іх пра догмы і канфэсійную прыналежнасьць. Ён не пытаецца, ці быў ты наркаманам, ці была ты прастытуткай, ці быў ты біскупам (прабачце, што пералічваю ў такой пасьлядоўнасьці). Я жыву з усьведамленьнем таго, што толькі выпадкова я не апынулася на вакзале. Да таго ж нідзе не сказана, што я там аднойчы не апынуся. Менавіта сьвятло Ўваскрасеньня Хрыста і Ягоныя словы аб Страшным судзе дазваляюць мне любіць маіх сабратаў, якія, як і я, не сьвятыя...”
http://lazfam.ru/2008/02/29/iz-intervyu-s-s-malgozhatoy-hmelevskoy/#more-134
- О, Вы ізноў на сваім пасту! – пажартавала я
- Я стаяў каля Катэдры, але мяне адтуль прагналі, - адказаў Эдзік. - Мужчына пачаў абурацца і крычэць, што я падманваю людзей. А я сказаў яму: “Вы мне проста зайздросьціце. З-за таго, што Пан Бог мяне любіць. І што Ён да мяне добры і міласэрны…”
Комментариев нет:
Отправить комментарий