Сястра Натальля:
Разам зь сястрой Насьцяй абыходзілі кватэры ў адным зь менскіх дамоў. Вельмі ўразіла і запомнілася размова з 48-гадовым мужчынам – практыкуючым праваслаўным хрысьціянінам. Калі мы ўвайшлі ў ягоную кватэру, ў вочы нам адразу кінулася мноства праваслаўных іконаў, якімі былі ўвешаныя ўсе сьцены. Мужчына (а яго звалі Аляксандрам) распавёў, што яго пахрысьцілі ў 18 гадоў, бо ён вельмі моцна хварэў: эпілепсія, пухліна ў галаве і г.д. Бацькі спадзяваліся і верылі, што хрост дапаможа хлопцу захаваць жыцьцё і пазбыцца хваробаў. Так яно і атрымалася: пасьля хросту хваробы пачалі паціху адступаць, і хоць Аляксандар і застаўся інвалідам, але ён здолеў атрымаць адукацыю і цяпер працуе юрыстам. Таксама ён прымае актыўны ўдзел у царкоўным жыцьці, езьдзіць у паломніцтвы, даволі часта наведвае касьцёлы і вельмі шануе Папу Яна Паўла ІІ. Спадар Аляксандар падарыў нам касэты з запісамі праваслаўных малітваў і акафістаў, падзякаваў за размову і запрасіў прыходзіць яшчэ :)
Брат Генадзь:
Заданьне выконваў у бальніцы. Запомнілася размова з жанчынай, якая распавяла пра цуд, што здарыўся зь яе пляменьнікам. Хлопчык цяжка хварэў і ўжо быў пры сьмерці. У бальніцу да яго запрасілі бацюшку. Той памаліўся і пагаварыў зь ім, пасьля чаго дзіцё заснула і вельмі доўга спала. На наступны дзень бацюшка таксама завітаў да хлопчыка і ўсё ізноў паўтарылася. А на трэці дзень пасьля малітвы бацюшкі дзіцятка ажывілася, на зьдзіўленьне ўсім папрасіла есьці і неўзабаве цалкам паправілася. Пасьля гэтага выпадку ўся радня хлопчыка навярнулася да Бога. Але адзін са сваякоў спачатку навярнуўся, а потым ізноў пачаў грашыць. На разьвітаньне жанчына пахваліла мяне і падзякавала за размову :)
Брат Іван:
Разам зь сястрой Сьвятланай былі ў бальніцы. Адна жанчына распавяла нам, што калі апрытомнела пасьля вельмі цяжкой траўмы, зьдзіўлены і зьбянтэжаны ўрач сказаў ёй: “О, Вы, напэўна, пад Богам ходзіце… Бо ў Вас жа была траўма, не сумяшчальная з жыцьцём…” Жанчына гэтая ні на што не наракае, за ўсё дзякуе Богу і радуецца жыцьцю… Яе жыцьцярадаснасьць, вера і мужнасьць уражваюць і выклікаюць захапленье...
Комментариев нет:
Отправить комментарий