...У 1263г. Багемскі сьвятар, які накіроўваўся у Рым, служыў імшу ў касьцёле сьв.Крысьціны Умбрыйскага гораду Бальсэны. Ён усумніўся ў рэальнасьці ператварэньня хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. У той жа момант сьвятар убачыў, што з Гостыі цячэ кроў і залівае карпарал (тканіну, якая падкладваецца пад Гостыю). Калі аб гэтым даведаўся Папа Урбан IV, ён у спэцыяльнай Буле распарадзіўся ўвесьці ў Касьцёле сьвята Цела і Крыві Хрыста. Пачынаючы з 1264г. сьвята адзначаецца ў першы чацьвер пасьля Найсьвяцейшай Тройцы. Яно прысьвечана ўспаміну аб устанаўленьні Езусам Хрыстом таямніцы Эўхарыстыі (Прычасьця). “І, калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і пабагаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды сказаў: прымеце, ешце; гэта ёсьць цела Маё. І, узяўшы чару і аддаўшы хвалу, падаў ім і сказаў: піце зь яе ўсе, бо гэта ёсьць кроў Мая новага запавету, якая ліецца за многіх дзеля дараваньня грахоў.” (Эвангельле паводле Мацьвея, 26:26-28).
Пад час урачыстай працэсіі (у Менску яна адбылася сёньня, фотарэпартаж тут) вернікі дэманструюць сваю веру ў прысутнасьць Хрыста ў Сьвятых Дарах і любоў да нашага Збаўцы. Пад музыку званоў у атачэньні людзей са сьвечкамі і харугвамі ў рукох, сьвятар нясе пад балдахінам Манстранцыю з Хрыстом. Дзяўчынкі ў белым альбо нацыянальным адзеньні кідаюць перад Панам Езусам кветкі. Усе сьпяваюць хвалебныя гімны. Працэсія затрымліваецца каля чатырох алтароў, збудаваных пад адкрытым небам і ўпрыгожаных дыванамі, кветкамі і зелянінаю. Ля кожнага зь іх чытаецца ўрывак з Эвангельля аднаго з эвангелістаў, які сьведчыць, што таямніца Эўхарыстыі ўстаноўлена Самім Езусам Хрыстом. Вернікі дзякуюць Хрысту за Яго прабываньне сярод нас і сьпяваюць гімн “Te Deum”, пасьля чаго працэсія ўваходзіць у храм, дзе адбываецца сьвяточнае набажэнства.
Комментариев нет:
Отправить комментарий